Беларуская Служба

Маравецкі рэзка крытыкуе Германію: У адносінах з Расіяй мы куды больш дасведчаныя за іншых

09.08.2022 20:35
Палітычная практыка паказала, што галасы Германіі і Францыі ў Еўрасаюзе ўлічваюцца найперш.
Premier Morawiecki.
Premier Morawiecki.PAP/Radek Pietruszka

«Вайна ва Украіне паказала праўду не толькі пра Расію, але і пра Еўрапейскі саюз, які не хацеў прыслухоўвацца да перасцярогаў з боку Польшчы, у тым ліку», – напісаў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі ў артыкуле, апублікаваным у брытанскім штотыднёвіку The Spectator.

«Многія не хацелі бачыць, што ў дзяржаве Уладзіміра Пуціна ўсё яшчэ ёсць імперыялістычныя памкненні. Цяпер яны вымушаны сутыкнуцца з тым, што ў Расіі адрадзіліся дэманы 19-20 стагоддзяў: нацыяналізм, каланіялізм, таталітарызм. Але вайна ва Украіне таксама паказала праўду пра Еўропу. Еўрапейскія лідары далі сябе спакусіць Уладзіміру Пуціну. Пасля ўварвання ва Украіну яны ў шоку», – напісаў польскі прэм'ер.

Ён адзначыў, што вяртанне расійскага імперыялізму не павінна выклікаць здзіўлення, бо апошнія два дзесяцігоддзі Расія павольна аднаўляла свае пазіцыі пад носам у Захаду. Апошні ж упаў у геапалітычны сон і палічыў за лепшае не бачыць праблемы.

«Еўропа апынулася ў такой сітуацыі, у якой знаходзіцца сёння, не таму, што была недастаткова інтэграваная, а таму, што не хацела прыслухоўвацца да голасу праўды. Гэты голас ішоў з Польшчы шмат гадоў. Польшча не мае манаполіі на праўду, але ў адносінах з Расіяй мы, прама кажучы, нашмат больш дасведчаныя за іншых», – падкрэсліў Маравецкі, нагадаўшы папярэджанне прэзідэнта Леха Качыньскага, што Расія не спыніцца на Грузіі і будзе цягнуцца да большага.

«Той факт, што голас Польшчы быў праігнараваны, зʼяўляецца прыкладам больш шырокай праблемы, з якой сутыкаецца ЕС. Усе краіны павінны быць роўнымі, але палітычная практыка паказала, што галасы Германіі і Францыі ўлічваюцца найперш. Мы маем справу з фармальнай дэмакратыяй і дэ-факта алігархіяй, дзе ўлада знаходзіцца ў руках наймацнейшага», – сцвярджае кіраўнік польскага ўрада.

Ён адзначыў, што ахоўным клапанам, які абараняе ЕС ад тыраніі большасці, зʼяўляецца прынцып аднагалоснасці, і, хаця пошук кампрамісу паміж 27 краінамі, чые інтарэсы часта супярэчлівыя, можа выклікаць расчараванне, ён гарантуе, што кожны голас будзе пачуты.

«Некаторыя прапануюць адмяніць правіла аднагалоснасці, што зробіць дзеянні ЕС яшчэ больш залежнымі, чым раней, ад рашэнняў Германіі. Кароткі рэтраспектыўны аналіз рашэнняў Германіі паказвае, чаму гэта дрэнная ідэя. Калі б Еўропа апошнім часам заўсёды дзейнічала так, як хацела Германія, былі б мы сёння ў лепшай ці горшай сітуацыі?» – рытарычна спытаў польскі прэмʼер.

Ён адзначыў, што калі б уся Еўропа прагаласавала за Германіяй не толькі па газаправодзе «Паўночны паток-1», але і па «Паўночным патоку-2», яе залежнасць ад расійскага газу, які сёння Пуцін служыць інструментам шантажу, была б амаль незваротнай.

Ён таксама адзначыў, што калі б у чэрвені 2021 года ўся Еўропа прыняла прапанову Германіі арганізаваць саміт ЕС-Расія, Пуцін, верагодна, лічыўся б паўнавартасным партнёрам, а санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расіі пасля 2014 года, могуць быць адмененыя. І калі б гэтая прапанова, якую тады заблакавалі Польшча, Літва, Латвія і Эстонія, была прынятая, Пуцін меў бы гарантыю, што ЕС не зробіць ніякіх рэальных крокаў у абарону тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, мяркуе Маравецкі.

«Калі б Еўропа пасылала ва Украіну зброю ў такіх жа маштабах і такімі ж тэмпамі, як Германія, вайна скончылася б даўно – абсалютнай перамогай Расіі. І Еўропа была б напярэдадні новай вайны», – падкрэсліў Матэвуш Маравецкі.

Ён адзначыў, раней усеагульны дабрабыт быў каштоўнасцю, якая ляжыць у аснове еўрапейскага праекта, была імпульснай сілай еўрапейскай інтэграцыі. Але гэтаму яму пагражаюць прыватныя інтарэсы, звычайна натхнёныя нацыянальным эга, і агульны еўрапейскі дабрабыт становіцца ўсё больш абстрактнай катэгорыяй.

«Еўрапейская салідарнасць становіцца пустым паняццем, які зводзіцца да прымусу прыняць фактычную дыктатуру мацнейшага», – падкрэсліў польскі прэмʼер.
Маравецкі сцвярджае, што мы знаходзімся ў пераломным пункце, калі імперскую Расію можна перамагчы дзякуючы Украіне і нашай падтрымцы, а перамога – гэта толькі пытанне нашай паслядоўнасці і рашучасці.

«Таму мы павінны падтрымаць Украіну ў яе барацьбе за вяртанне сваіх тэрыторый і прымусіць Расію адступіць. Толькі тады стане магчымым сапраўдны дыялог і фактычнае спыненне гэтай вайны, а не проста хвілінная паўза перад чарговай агрэсіяй. Толькі такое завяршэнне будзе азначаць нашу перамогу», – цытуе выказванні Маравецкага ў брытанскім тыгодніку dziennik.pl.

вх