Беларуская Служба

Віцэ-прэм'ер Украіны: Да студзеня мы будзем гатовыя да перамоваў з ЕС

16.08.2022 10:32
«Наша эканоміка ў многіх галінах ужо функцыянуе ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі», – запэўнівае Вольга Стэфанішына.
-
Віцэ-прэм’ер Украіны па справах еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга СтэфанішынаАвтор: Kmu.gov.ua, CC BY 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=114201822

Найпазней да канца году мы выканаем усе, залежныя ад Украіны, рэкамендацыі Еўрасаюза для пачатку перамоваў аб сяброўстве ў ЕС, запэўнівае віцэ-прэм’ер Украіны па справах еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына ў размове з выданнем «Dziennik Gazeta Prawna».
Яна нагадвае, што ўжо праз некалькі дзён пасля атрымання Украінай статусу кандыдата ў ЕС быў гатовы падрабязны графік выканання кожнай з сямі рэкамендацый супольнасці, а прэзідэнт, спікер парламента і прэмʼер падпісалі сумеснае абавязацельства па іх найхутчэйшай рэалізацыі.

«Падрыхтоўка законапраектаў ідзе добра. Некаторыя рэкамендацыі мы ўжо выканалі, напрыклад, у частцы барацьбы з карупцыяй, прыняты кадравыя рашэнні, прызначаны кіраўнік Антыкарупцыйнай пракуратуры, працягваецца конкурс на кіраўніка яшчэ аднаго антыкарупцыйнага органа. Мы накіравалі на ацэнку ў Еўракамісію праекты актаў аб СМІ і нацыянальных меншасцях. Пасля атрымання адказаў парламент іх разгледзіць. Думаю, да канца кастрычніка мы выйдзем на канчатковы этап выканання кожнай з рэкамендацый», – падкрэслівае віцэ-прэмʼер Украіны.

Палітык адзначае, што рэформу судоў ва ўмовах вайны праводзіць нават неабходна. «Ніякіх органаў, адказных за запаўненне вакансій у судах і прыцягненне суддзяў да дысцыплінарнай адказнасці, у тым ліку за супрацу з ворагам і вынясенне незаконных рашэнняў ва ўмовах вайны, сёння няма. Без гэтага суддзі беспакараныя і неэфектыўныя. Мы пачалі фарміраваць гэтыя органы яшчэ да таго, як атрымалі рэкамендацыі. Дзейнічаюць камісіі амерыканскіх, еўрапейскіх і ўкраінскіх экспертаў, якія правяраюць кандыдатаў на сумленнасць, прафесіяналізм і фінансавую празрыстасць», – кажа Стэфанішына. Яна не чакае канфліктаў з апазіцыяй з-за законаў, бо, як тлумачыць, усе разумеюць, што ад іх залежыць паскарэнне працэсу ўступлення Украіны ў ЕС.

Гаворачы аб гарантыях правоў нацыянальных меншасцяў, Стэфанішына паведамляе, што ўжо гатовы праект рамачнага закона, у якім улічаны папярэднія прапановы Венецыянскай камісіі і міжнародных арганізацый.

«Гэта неаднаразова абмяркоўвалася з прадстаўнікамі меншасцей. Мы мяркуем, што пасля прыняцця рамачнага закона ўрад падрыхтуе комплексную праграму рэалізацыі гэтага закона, і калі ў меншасцей будуць дадатковыя заўвагі, мы іх улічым на гэтым узроўні», – дадала яна.

«Усё, што залежыць ад Украіны, мы зробім не пазней чым да канца года. Законапраекты гатовыя, ідуць кансультацыі, падыходзім да завяршэння працэсу. Таксама ёсць тэрміны, якія залежаць ад ЕС, які павінен даць ацэнку прынятых законаў. У некаторых выпадках Венецыянская камісія таксама павінна даць ацэнку», – нагадвае віцэ-прэмʼер Украіны.

«Мы ўжо выканалі 70 працэнтаў абавязацельстваў, узятых на сябе ў сувязі з пагадненнем аб асацыяцыі, заключаным з ЕС у 2014 годзе, таму наша эканоміка ў многіх галінах ужо функцыянуе ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. У палітычным плане – мы гатовыя. У нас ёсць магутная каманда перамоўшчыкаў», – дадае Вольга Стэфанішына ў размове з выданнем «Dziennik Gazeta Prawna».

аз

Уладзімір Зяленскі павіншаваў палякаў з Днём Войска Польскага

15.08.2022 16:50
Толькі разам мы можам абараніць незалежнасць нашых дзяржаў для будучых пакаленняў, – сказаў па-польску прэзідэнт Украіны.