Беларуская Служба

Беларусь не дазваляе Украіне расслабіцца і мець надзею, што на поўначы будзе адносна спакойна

17.08.2022 18:42
Украінскі Генштаб: Рызыка нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі РБ захоўваецца.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/geralt

17 жніўня – гэта ўжо 175-ты дзень з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны, у тым ліку з поўначы, з Беларусі, чаго ўкраінцы ў той час зусім не спадзяваліся. Нагадаем, яшчэ за некалькі дзён да вайны высокапастаўленыя дзяржаўныя беларускія чыноўнікі завяралі прадстаўнікоў украінскіх уладаў, што атакі з боку Беларусі яны могуць не асцерагацца.

Расійскі наступ на поўдні і ўсходзе Украіны апошнім часам запаволіўся, але войскі акупантаў усё ж такі павольна прасоўваюцца наперад. На 175-ты дзень гераічнага супраціву ўкраінскага народу поўнамаштабнаму расійскаму ўварванню, Генштаб Узброеных сілаў Украіны паведамляе, што акупанты заваёўваюць новыя тэрыторыі.
У ранішняй зводцы ішла гаворка пра тое, што расіяне абстралялі, у тым ліку тэрыторыі Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей, а таксама наваколлі Славянска, Краматорска і Бахмута. Акрамя таго, яны спрабавалі палепшыць сваё тактычнае становішча, але панеслі страты і ўкраінская армія вымусіла іх адступіць.

На асобных участках пастаянна ідуць баі. Ва Узброеных сілах Украіны таксама паведамілі, што акупанты замініравалі тэрыторыю каля вёскі Інжынернае Запарожскай вобласці. Таксама па-ранейшаму вядуць разведку з выкарыстаннем беспілотных лятальных апаратаў.

Узброеныя сілы Украіны рэгулярна згадваюць у сваіх зводках таксама Беларусь, пераважна ў негатыўным ключы. Афіцыйны прадстаўнік Генштабу Украіны Аляксандр Штупун адзначыў, што «рызыка нанясення далейшых ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь захоўваецца».

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведамляе, што расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па ваенным аэрадроме ў Жытомірскай вобласці з тэрыторыі Беларусі. Абстрэл вёўся з самалётаў Су-34, якія, спрабуючы замаскаваць авіяцыйную актыўнасць пад трэніровачныя палёты, выпусцілі дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты. У выніку пашкоджана ўзлётна-пасадачная паласа і некалькі адзінак аўтамабільнай тэхнікі на аэрадроме ў Жытомірскай вобласці Украіны.

Нагадаем, што 16 жніўня быў зафіксаваны пралёт знішчальніка ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Беларусь не дазваляе Украіне расслабіцца і мець надзею, што на поўначы будзе адносна спакойна, – кажа ўкраінскі ваенны эксперт, палкоўнік запасу УСУ Алег Жданаў.

- Валынскі і палескі напрамкі – без асаблівых зменаў. Узброеныя сілы РБ праводзяць штабную трэніроўку. Захоўваецца пагроза ракетных абстрэлаў, дарэчы, паветраная трывога аб’яўленая ва ўсіх паўночных вобласцях, а таксама ў заходняй і частцы цэнтральнай Украіны. Там трэніруюцца знішчальнікі, было запушчана некалькі ракет, былі выбухі. Беларусь не дае нам спакою, пагроза перарасла ў рэальны ракетны ўдар з тэрыторыі Беларусі.

«Беларусі Гаюн» інфармаваў, што ў беларускай Зябраўцы знаходзіцца да 14 зенітна-ракетных комплексаў С-400. Аналіз абстаноўкі на аэрадроме даказвае, што верагоднасць ракетных абстрэлаў тэрыторыі Украіны не проста захоўваецца, а падобна на тое, што расіяне рыхтуюцца да масіраванага ракетнага ўдару па Украіне ў бліжэйшыя тыдні. Таксама надалей захоўваецца даволі высокая верагоднасць наступу з боку Беларусі, паколькі тысячы беларускіх вайскоўцаў далі згоду на ўдзел у вайне. Пра гэта згадваў надоечы палітолаг, вядучы аўтарскай праграмы «Сітуацыя» на ўкраінскім тэлебачанні Тарас Беразавец.

- Асноўны вектар вайны перамяшчаецца на поўдзень, але ёсць сур'ёзная небяспека ўварвання з поўначы. Ваенная выведка Украіны паведаміла, што больш за 13 тыс вайскоўцаў у Беларусі далі згоду на ўдзел у вайне супраць Украіны.

Тым часам сотні беларусаў змагаюцца па баку ўкраінскіх узброеных сілаў, у тым ліку ў Палку імя Кастуся Каліноўскага.

нг