Беларуская Служба

Ахмед Закаеў: Прыйшоў час поўнай дэкаланізацыі Расіі

29.09.2022 14:56
Прэм'ер-міністр Ічкерыі верыць, што Украіна пераможа Расію ў гэтай кровапралітнай вайне.
Ахмед Закаеў цяпер пражывае ў Лонданефота: lifenews.ru

У выданні Sieci інтэрв’ю з прэм’ер-міністрам Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя Ахмедам Закаевым. Гаворка ідзе пра вайну Расіі супраць Украіны. А таксама прагнозы на будучае Расійскай Федэрацыі.

Па словах Закаева, у вайне на баку ўкраінцаў змагаецца шмат чачэнцаў, хаця немагчыма назваць дакладную лічбу. Украінцы, якім цяпер патрэбная дапамога, добра разумеюць, што аднаўленне Расійскай імперыі пачалося амаль 30 гадоў таму менавіта ў Чачэніі. Пазней расійская ваенная махіна знішчала краіну і забівала чачэнскі народ.

Госць выдання кажа, што ён да канца не верыў, што Пуцін адважыцца ўварвацца ва Украіну. Але ён гэта зрабіў. І няпраўда, што гэта толькі вайна Пуціна, так кажуць тыя, хто хацеў бы замяніць «дрэннага» цара «добрым». Свабодны свет павінен зразумець – калі мы хочам стабілізаваць сітуацыю, неабходна давесці да дэмантажу імперскай Расіі. На працягу соцень гадоў гісторыі ў Расіі мяняліся ўладары, былі цары, пазней Ленін, савецкія генсекі, Гарбачоў, Ельцын, а сутнасць імперыі была аднолькавай – экспансія, заваёўванне меншых народаў. Прыйшоў час поўнай дэкаланізацыі Расіі.

Закаеў верыць, што Украіна пераможа Расію ў гэтай кровапралітнай вайне. Расія была важная для Еўропы як крыніца танных энергарэсурсаў, таму палітыкі на Захадзе глядзелі праз пальцы на парушэнне правоў чалавека ў Расіі, але, пачынаючы вайну, Пуцін абрубіў галіну, на якой сам сядзеў. Цяпер шантаж нафтай і газам – гэта ўжо не эканамічнае, а палітычнае пытанне. Захад знойдзе альтэрнатыву расійскай энергіі.

А што станецца з Чачэніяй? На думку Закаева, гэта будзе свабодная, незалежная дзяржава. Але гэта залежыць ад перамогі Украіны. Яшчэ даўно таму Джахар Дудаў сказаў, што сонца свабоды павінна ўстаць над Украінай, каб Каўказ быў вольны, – нагадвае прэм’ер-міністр Ічкерыі Ахмед Закаеў.

нг