Беларуская Служба

Расія рыхтуе ў Мінску палацавы пераварот?

06.10.2022 10:37
Расія можа арганізаваць палацавы пераварот з дапамогай сваіх людзей у вайскова-палітычным кіраўніцтве.
.   .
А. Лукашэнка і У. Пуцінфота: Asatur Yesayants / Shutterstock.com

Дарадца прэзідэнта Украіны мяркуе, што расіяне могуць зрынуць Аляксандра Лукашэнку, калі той не ўступіць у вайну.
«Расія хоча накіраваць туды (у Беларусь – рэд.) пэўную колькасць мабілізаваных рэзервістаў, гэта каля 20-30 тысяч. Адзін са сцэнароў, які мы лічым даволі сур'ёзным, прадугледжвае, што расіяне паспрабуюць арганізаваць мяцеж у беларускіх вайсковых частках і адабраць камандаванне арміяй у Лукашэнкі», – заявіў дарадца прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

У Кіеве заяўляюць, што Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы 26 верасня аказваў ціск на Лукашэнку. Калі ў канцы лютага Крэмль пачаў вайну, беларускія ўлады прадаставілі расійскім войскам, якія наступалі на Украіну, ваенную інфраструктуру, але дагэтуль не адправілі беларускую армію ваяваць.

«Цяпер Масква адчувае сябе гаспадаром у Беларусі. На тэрыторыі суверэннай краіны знаходзяцца расійскія ваенныя базы, і пасля таго, як Крэмль абʼявіць мабілізацыю, там зʼявяцца дзясяткі тысяч кадравых расійскіх вайскоўцаў. Іх ніяк не будуць кантраляваць беларусы. Беларуская паветраная прастора выкарыстоўваецца для нанясення ўдараў па ўкраінскіх гарадах», – распавёў выданню Rzeczpospolita Падаляк.

Ён сцвярджае, што расійскія спецслужбы кантралююць усе абʼекты крытычнай інфраструктуры Беларусі, а таксама палітычныя арганізацыі ў краіне. Беларусь залежная ад расійскага рынку, сыравіны, грошай і крэдытаў. Тым не менш, Крэмль хоча большага. Межаў больш няма, і Расія мае намер выкарыстоўваць Беларусь на сто працэнтаў, каб запэцкаць у крыві яе грамадзян і правесці мабілізацыю, кажа дарадца Зяленскага.

У Кіеве лічаць, што Лукашэнка гэтага не хоча, паколькі ён баіцца разгрому беларускага войска. Армія краіны невялікая – прыкладна 65 тысяч ваенных, з якіх амаль адна трэцяя зʼяўляюцца офіснымі работнікамі. Пуцін усё больш раздражнёны, і вусных абяцанняў вернасці Лукашэнкі ўжо мала. Ён чакае, што той прынясе свой народ на алтар імперыі. Калі ён адмовіцца, Расія можа арганізаваць палацавы пераварот з дапамогай сваіх людзей у вайскова-палітычным кіраўніцтве, мяркуе Падаляк.

Палітолаг Валер Карбалевіч лічыць малаверагодным расійскі пераварот у Мінску, але цалкам не выключае такога сцэнару. «Гэта пацягнула б за сабой вялікую рызыку для расіян. Па-першае, беларусы могуць выйсці на вуліцы, як у 2020 годзе. Па-другое, Захад можа далучыцца да гэтай гульні, таксама любы пераемнік Лукашэнкі можа распачаць сваю ўласную гульню», – кажа Карбалевіч выданню Rzeczpospolita.

нг

Лукашэнка абяцае не праводзіць у Беларусі мабілізацыю

23.09.2022 10:57
Пра гэта дыктатар заявіў падчас наведвання мемарыяльнага комплексу Хатынь.

Павал Усаў: Пасля 24 лютага нельга быць упэўненым у тым, што зробіць Лукашэнка

28.09.2022 17:15

Лукашэнка ўпершыню пацвердзіў удзел Беларусі ў вайне ва Украіне

04.10.2022 13:12
Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне».