Беларуская Служба

У Мінску закрыюць некалькі станцый метро з-за будаўніцтва трэцяй лініі

20.07.2019 18:31
Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра станцыі ад „Фрунзенскай” да „Каменнай горкі”.
.    .
Эскалатары. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:Activedia/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Мінску прыйдзецца ненадоўга закрыць некалькі дзеючых станцый метро ў той час, калі будуць будаваць прымыканне другой і трэцяй ліній, паведамляе „Наша Ніва” са спазылкай на tut.by.

Інфармацыя пра магчымае закрыццё часткі другой лініі з-за будаўніцтва трэцяй упершыню з'явілася на форуме esmasoft.com. Аматары транспарту абмяркоўваюць, што станцыі ад „Фрунзенскай” да „Каменнай горкі” прыйдзецца закрыць на час, калі будуць будаваць стрэлку для цягнікоў трэцяй лініі. Нагадаем, менавіта са станцыі „Фрунзенская” можна будзе пераходзіць на станцыю „Юбілейная плошча” трэцяй лініі.

У ДУ „Сталічны транспарт і сувязь” распавялі, што момант закрыцця станцый на некаторы час сапраўды абмяркоўваўся з Дырэкцыяй па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна.

Tut.by накіраваў афіцыйны запыт у Дырэкцыю па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна і атрымаў адказ.

„Дата і тэрмін закрыцця руху электрацягнікоў цяпер не вызначаны, бо праектная дакументацыя знаходзіцца на ўзгадненні”, — адзначае Дырэкцыя па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна.

Калі дакументы будуць узгоднены, распрацуюць дэталёвы графік выканання будаўніча-мантажных работ, падрыхтуюць рашэнне Мінгарвыканкама на закрыццё ўчастка другой лініі. Пра гэта абяцаюць праінфармаваць ў сродках масавай інфармацыі.

Калі рух ад „Фрунзенскай” да „Каменнай горкі” на нейкі час закрыюць, то кампенсаваць падземны маршрут прыйдзецца наземнымі відамі транспарту.

аз