Беларуская Служба

Тры гады таму быў забіты Павел Шарамет

21.07.2019 08:22
Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.
Пахаванне Паўла Шарамета ў МінскуPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH


У трэцюю гадавіну забойства журналіста калегі і родныя наведалі магілу Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Мінску, піша газета ''Наша ніва''.

Маці Паўла Людміла Станіславаўна Шарамет распавяла, што сёлета мела выпадковую сустрэчу с Пятром Парашэнкам, які некалі абяцаў, што забойства Паўла будзе раскрытае. Але гэтага не адбылося, таму Людміла Станіславаўна больш не верыць абяцанням палітыкаў.

З Масквы прыехала і жонка Паўла Шарамета Наталля. У Паўла засталіся двое дзяцей — Мікалай і Лізавета.

Павел Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў. Акалічнасці яго смерці да гэтага часу не расследаваныя.

20 ліпеня 2016 года ў машыне, на якой ехаў вядомы журналіст, спрацавала выбуховае прыстасаванне. Выбух прагрымеў у 7.45 на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасць узрыўчаткі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400-600 г у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.

Нацыянальная паліцыя Украіны распачала крымінальную справу на падставе артыкула «Наўмыснае забойства». Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядаецца помста за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключае, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, з-за асабістых матываў або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага — уладальніца «Украинской правды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).

Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Пасля школы паступіў на гістарычны факультэт БДУ, дзе правучыўся тры курсы. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Да 1992 года працаваў у адным з беларускіх банкаў. Затым прыйшоў на беларускае тэлебачанне. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект».

Быў сузаснавальнікам папулярнага грамадска-палітычнага інтэрнэт-рэсурсу «Беларускі партызан» і навукова-папулярнага інтэрнэт-выдання «Гістарычная праўда».

З 2012 года вёў блог у інтэрнэт-газеце «Украинская правда», у далейшым стаў яе выканаўчым дырэктарам.

З верасня 2013-га па 2014 год працаваў вядучым праграмы «Прав? Да!» на Грамадскім тэлебачанні Расіі.

У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на «Радио Вести», з пачатку 2016-га — будзённую праграму «Раніца Паўла Шарамета» там жа.

Суаўтар кнігі «Выпадковы прэзідэнт», прысвечанай праўленню Аляксандра Лукашэнкі.

эж