Беларуская Служба

Генпракуратура апратэставала апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ

30.07.2019 15:58
19 ліпеня суддзя суда Першамайскага раёна сталіцы цалкам апраўдала Андрэя Галавача, ён выйшаў на волю пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain


Генеральная пракуратура 29 ліпеня падала пратэст на апраўдальны прыгавор суда Першамайскага раёна Мінска ў дачыненні да галоўнага інжынера ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» Андрэя Галавача, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзмітрый Брылёў, - паведамляе БелаПАН.

19 ліпеня суддзя суда Першамайскага раёна сталіцы Святлана Чараповіч цалкам апраўдала Андрэя Галавача, ён выйшаў на волю пасля 50 месяцаў утрымання пад вартай.

«Намеснік генеральнага пракурора ўчора прынёс апеляцыйны пратэст, дзе паставіў пытанне аб адмене апраўдальнага прысуду і накіраванні справы на новы разгляд у сувязі з неадпаведнасцю высноў суда фактычным абставінам справы», – сказаў Брылёў.
Андрэй Галавач быў затрыманы вясной 2015 года разам з некалькімі супрацоўнікамі прадпрыемства. Яго абвінавацілі ў атрыманні хабару больш як на 180 тыс. дэнамінаваных рублёў.

Суд у лютым 2018 года апраўдаў Галавача, але адразу пасля вынясення рашэння аб апраўданні яго затрымалі ў зале суда паводле падазрэння ў атрыманні хабару на 192 тыс. долараў і 35 тыс. еўра.

Пракурор прасіў суд пакараць топ-менеджара дзевяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады кіраўнікоў на пяць гадоў, канфіскацыяй усёй маёмасці і штрафам у тысячу базавых велічынь (25,5 тыс. рублёў).

Абарона прасіла суд апраўдаць Галавача з-за недаказанасці віны. Адвакаты звярнулі ўвагу на тое, што ні адзін з чатырох ключавых сведак не з'явіўся на судовае пасяджэнне.

Галавач катэгарычна адмаўляў сваю віну.

яс

Больш на гэтую тэму: суд