Беларуская Служба

Брэсцкія яўрэі за 300 тысяч долараў выкупілі будынак былой сінагогі

16.08.2019 18:20
Грошы на выкуп збіралі з усяго свету праз краўдфандынгавую кампанію.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: congerdesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Брэсцкія яўрэі за 300 тысяч долараў выкупілі будынак былой сінагогі. Грошы на выкуп збіралі з усяго свету праз краўдфандынгавую кампанію. Як расказаў Свабодзе прадстаўнік яўрэйскай грамады Брэста Яфім Басін, заключаная ўгода, у выніку якой яны выкупілі клуб „Прагрэс”, паведамляе „Радыё Свабода”.

Яфім Басін кажа, што асабліва сімвалічна, што для малітоўнага будынка не пабудавалі новы будынак, а выкупілі гістарычны, той, дзе раней была сінагога.

„Упершыню за 70-80 гадоў у нас з'явіўся свой дом, свая сінагога, у якой мы зможам маліцца. Гэта як праваслаўныя ці каталікі доўгія гады не мелі свайго малітоўнага дома, царквы — і раптам у іх з'явіўся”, — кажа пра гістарычнае значэнне гэтай падзеі Яфім Басін.

Для выкупу клубу праводзілася краўдфандынгавая кампанія, якую падтрымалі яўрэі з усяго свету. На выкуп былой сінагогі за два дні сабралі больш за 100 тысяч долараў.

Як расказаў Яфім Басін, за будынак давялося заплаціць 300 тысяч долараў. Але да пачатку краўдфандынгу яўрэйская грамада мела мецэната, які паабяцаў патроіць кожны сабраны долар. І ў выніку дабрачынец ахвяраваў на выкуп 200 тысяч долараў.

Яфім Басін кажа, што наперадзе яшчэ шмат працы, каб адрамантаваць будынак.

Гэтая сінагога з залай на 400 чалавек была пабудаваная ў канцы ХІХ стагоддзя. На пачатку 90-х брэсцкія яўрэі спрабавалі ўжо вярнуць гэты будынак, але тады ён быў выкуплены прыватнай кампаніяй.

Агулам да Другой сусветнай вайны ў Брэсце было каля 50 сінагог, на месцы найбуйнейшай харальнай цяпер знаходзіцца кінатэатр „Беларусь”, фактычна збудаваны на яе падмурках.

аз