Беларуская Служба

У Мінску прайшоў пікет супраць закону аб адтэрміноўках

20.08.2019 15:23
Пікетоўцы таксама хацелі паказаць, наколькі абсурдныя патрабаванні закону адносна правядзення вулічных акцый.
У Мінску прайшоў пікет супраць закону аб адтэрміноўкахфота: www.svaboda.org

Чатыры чалавекі правялі пікет супраць закону аб адтэрміноўках у Тучынскім скверы на Харкаўскай вуліцы ў Мінску.

Пікетоўцы трымалі плакаты, а таксама распавядалі мінакам пра сутнасць закону і яго наступствы. Яны выгуквалі лозунг «Вучоба – важней!».

Першымі на месца правядзення пікету прыйшлі тры міліцыянты ў цывільным, а таксама прыехала брыгада хуткай дапамогі. Перад пачаткам акцыі міліцыянты праверылі, што было напісана на плакатах. А пасля яе нагадалі, што пікетоўцы цягам дзесяці дзён павінны заплаціць 76,5 рубля за «паслугі міліцыі». Рахункі таксама выставіла «хуткая» і «Зеленбуд».

«Мы палічылі, што агулам выйшла больш за 150 рублёў, то бок адна хвіліна каштавала прыкладна 2,5 рубля. – сказаў карэспандэнту Свабоды адзін зь пікетоўцаў Радыён, які вучыцца ў магістратуры БДУІР. – Афіцыйна заяўленая намі мэта акцыі – праінфармаваць людзей пра закон аб адтэрміноўках. Але мы хацелі яшчэ паказаць, наколькі абсурдныя патрабаванні закону адносна правядзення вулічных акцый. Нас чацвёра, а ў два разы больш аховы, «хуткая дапамога«, павінны прыехаць прыбіральшчыкі. І таксама мы хочам паказаць, што акцыю можна правесці і ніхто не атрымае штрафу і не трапіць у аўтазак».

Паводле Радыёна, у рамках кампаніі «Вучоба важней!» у Мінску пададзена яшчэ 13 заявак на правядзенне пікетаў супраць закону аб адтэрміноўках. Акцыі плануюць на канец жніўня – пачатак верасня. Таксама дзве заяўкі пададзеныя ў Воршы і адна ў Магілёве.

«Мы патрабуем адмяніць закон аб адтэрміноўках, як мінімум, змяніць яго, каб прадстаўлялася адтэрміноўка на кожную ступень адукацыі. Хочам такім чынам захаваць бесперапыннасць адукацыі. Калі мы даможамся выканання гэтых нашых патрабаванняў, будзем выступаць за рэформу войска, паляпшэнне ўмоваў праходжання службы, каб людзі былі ў гэтай справе матываваныя. Бо калі заганяць людзей у войска з-пад палкі, калі не лічыцца з іх інтарэсамі, перакручваць іх планы, то пра якую якасць абароны радзімы можа ісці гаворка?» – сказаў Радыён.

https://www.svaboda.org/a/30117888.html