Беларуская Служба

Лукашэнка абвінаваціў сілавікоў у фальсіфікацыі злачынстваў, звязаных з наркотыкамі 

21.08.2019 08:00
Ён адзначыў, што гэтыя недахопы былі раней выкрыты ў выніку комплекснай праверкі.
Alasandr Łukaszenka
Alasandr ŁukaszenkaShutterstock.com / Drop of Light



Кіраўнік Беларусі 20 жніўня на нарадзе па пытаннях якасці работы праваахоўных органаў пры выяўленні і расследаванні злачынстваў абвінаваціў сілавікоў у фальсіфікацыі злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, піша газета ''Наша ніва''.

У 2018—2019 гадах выяўлены злоўжыванні па лініі барацьбы з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, адзначалася нацэленасць падраздзяленняў органаў унутраных спраў па гэтым кірунку на выяўленне як мага большай колькасці злачынстваў.

«Колькасны аспект замест сістэмнай барацьбы з наркагандлем, устанаўлення каналаў паставак і распаўсюджвання ў краіне буйных партый наркотыкаў. Вядома, прасцей за ўсё злавіць нейкага бамжа з наркотыкамі, а тое яшчэ і падкінуць гэтыя наркотыкі непажаданым і адзначыць гэтую барацьбу. Каму гэта трэба?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у якасці парушэнняў фіксавалася давядзенне планавых заданняў па спыненні неабходнай колькасці злачынстваў, што прыводзіла да масавых затрыманняў спажыўцоў наркотыкаў і кур'ераў (закладчыкаў). «Збіранне эпізодаў, працяглае назіранне, фіксацыя фактаў, затрыманне спажыўцоў па адным пры выхадзе з месцаў сумеснага ўжывання і іншае. А таксама правакацыі, у тым ліку з удзелам сваіх крыніц, па схіленні грамадзян да набыцця і ўжывання наркотыкаў. Асабісты ўдзел у незаконным абароце», — расказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэтыя недахопы былі раней выкрыты ў выніку комплекснай праверкі, аднак і ў 2019 годзе аналагічныя парушэнні зафіксаваны, у тым ліку ў Аршанскім раённым упраўленні ўнутраных спраў.

«З'яўляецца недастаткова эфектыўнай сістэма ацэнкі дзейнасці і следчых падраздзяленняў Следчага камітэта. У прыватнасці, работа следчага ацэньваецца па колькасці расследаваных крымінальных спраў, у сувязі з чым у 2017—2019 гадах выяўляліся факты давядзення кіраўнікамі тэрытарыяльных падраздзяленняў Следчага камітэта патрабаванняў па мінімальных паказчыках. У тым ліку колькасць следчых дзеянняў у дзень, якія не заўсёды адпавядалі рэальнай неабходнасці. У сваю чаргу давядзенне завышаных паказчыкаў не толькі садзейнічала зніжэнню якасці расследавання, але і вымушала следчых ухіляцца ад прыняцця да вядзення складаных і шматэпізодных спраў, завяршыць якія ў найкарацейшы тэрмін не ўяўлялася магчымым», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле звестак КДБ, факты грубых парушэнняў адзначаюцца не толькі ў рабоце аператыўных і следчых падраздзяленняў. Паступае інфармацыя, што і супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у час выезду на месца здарэнняў з мэтай выканання планавых статыстычных паказчыкаў па ўзяцці максімальнай колькасці слядоў бяруць сляды, якія не маюць значэння, а таксама фактычна фальсіфікуюць сляды ўчынення злачынстваў.

«У затрыманых асоб адбіраюць узоры, у тым ліку пакінутыя імі ўжо пры правядзенні працэсуальных дзеянняў, а затым яны наносяцца на ўзятыя прадметы і рэчы, што ў далейшым пры экспертным даследаванні такіх аб'ектаў «даказвае» ўчыненне злачынства загадзя вядомай асобай. Прамы падлог і фальсіфікацыя! І такім людзям месца ведаеце дзе. Такія выпадкі выяўлены ў рабоце Цэнтральнага, Фрунзенскага, Маскоўскага райаддзелаў горада Мінска (бачыце, разумныя ў Мінску, навучыліся працаваць), а таксама Магілёўскага і Гомельскага міжрайаддзелаў», — прывёў факты кіраўнік дзяржавы.

эж