Беларуская Служба

Славакія плануе інвеставаць 15-20 млн еўра ў сельскагаспадарчы праект у Беларусі

19.09.2019 11:07
Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзеф Мігаш: Размова ідзе аб Гродзенскай і Брэсцкай абласцях.
 .
Сцяг Славакіі.Photo:DavidRockDesign/pixabay.com/CC0 Public Domain

Славакія плануе рэалізаваць у Беларусі буйны інвестыцыйны праект у галіне сельскай гаспадаркі. Паводле папярэдніх ацэнак, сума інвестыцый можа скласці ад 15 да 20 млн еўра. Аб гэтым паведаміў журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Ёзеф Мігаш падчас беларуска-славацкага эканамічнага форуму, які адбыўся ў Мінску ў час Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

„Размова ідзе аб Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Калі нам удасца рэалізаваць такі праект, гэта будзе самая вялікая славацкая інвестыцыя. Размова ідзе аб суме прыкладна 15-20 млн еўра”, - расказаў пасол. Такое буйное фінансаванне абумоўлена тым, што інвестару неабходна будзе стварыць інавацыйную тэхналагічную базу.

Паводле слоў Ёзефа Мігаша, гэта пытанне абмяркоўваецца ўжо на ўзроўні віцэ-прэм'ера, губернатараў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

„Шчыра кажучы, перагаворы няпростыя, паколькі такога аб'ёму інвеставання ў сельскую гаспадарку яшчэ не было ў Беларусі”, - прызнаўся пасол. Ён адзначыў, што перш чым прыняць канчатковае рашэнне, бакам трэба ўсё добра прадумаць і ўзважыць, выбудаваць бізнес-планы.

У беларускага боку, паводле слоў дыпламата, ёсць пэўныя ўмовы. У прыватнасці, захаванне рабочых месцаў, а таксама сельскагаспадарчага профілю. „Славацкі бок гатовы выканаць гэтыя патрабаванні, і я спадзяюся, калі ўсё гэта ўдасца, можна будзе араць і сеяць ужо вясной”, - падкрэсліў Ёзеф Мігаш.

Што датычыцца іншых напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння, то на сёння ў славацкага боку ёсць шэраг мікрагрантаў, якія звязаны з гуманітарнай дзейнасцю, сацыяльнымі пытаннямі, адзначыў пасол. Так, напрыклад, будуць рэалізаваны праекты па аказанні дапамогі школам і іншым дзіцячым адукацыйным установам у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Намеснік міністра замежных і еўрапейскіх спраў Славакіі Парызек Лукаш таксама адзначыў добрыя магчымасці для развіцця супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы з Беларуссю. „У вас вялікі вопыт у гэтай галіне. Таксама Беларусь вядома сваімі ІТ-спецыялістамі, таму і ў гэтай галіне я бачу патэнцыял”, - дадаў ён.

аз