Беларуская Служба

У мінскай школе адмаўляюць, што настаўнікі збіралі подпісы за кіраўніка «Белай Русі»

20.09.2019 17:05
Спецыяліст: Выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў наўпрост парушае выбарчае заканадаўства.
Ілюстрацыйны здымакPAP/Wojciech Pacewicz

У сярэдняй школе № 178 у Мінску не пацвярджаюць інфармацыю пра тое, што 70 настаўнікаў збіралі подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыні «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода».

Гэтую інфармацыю размясціў у «Фэйсбуку» старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў.

За збор подпісаў кожнаму настаўніку нібыта абяцалі адгул.

Дырэктарка школы Таццяна Дзенісевіч сказала, што не валодае такой інфармацыяй.

«У маёй школе нават няма 70 педагогаў», – сказала яна.

Таццяна Дзенісевіч дадала, што асабіста яна не ўваходзіць у ініцыятыўную групу Генадзя Давыдзькі.

Паводле аналітыка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Паўла Сапелкі, выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў наўпрост парушае выбарчае заканадаўства.

Паводле закону, парушэнне парадку збору подпісаў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата.

вс