Беларуская Служба

Следчы камітэт: На БелАЭС дэфекты ў вентыляцыі могуць прывесці «да збояў сістэмы ў цэлым»

23.09.2019 15:23
Карупцыя спрычынілася да з’яўлення дэфектаў пры будаўніцтве Беларускай АЭС.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Адпаведныя дакументы Следчага камітэту прыводзіць тэлеграм-канал NEXTA, пра што піша Белсат.

Упраўленне Следчага камітэту ў Гарадзенскай вобласці даследуе крымінальную справу паводле артыкулу 252 КК (камерцыйны подкуп) у дачыненні да начальніка ўпраўлення вентыляцыі і сістэмаў пажаратушэння расейскай кампаніі «Атомстройэкспорт» Дзмітрыя Зіноўева. Яго затрымалі яшчэ 6 красавіка прадстаўнікі КДБ падчас атрымання хабару ад расейскай кампаніі «НПО Вентехсервис» і беларускай «Леванта Груп».

У СК адзначаюць, што няякасная праца Зіноўева прывяла да таго, што на БелАЭС усталявалі вентыляцыйныя агрэгаты і клапаны для затрымання агню без прахаджэння кантролю. Таксама вентыляцыйнае абсталяванне ставілі без неабходнага кантролю. А выяўленыя дэфекты могуць прывесці «да збояў у працы сістэмы ў цэлым».

На БелАЭС карэспандэнту belsat.eu адмовіліся каментаваць затрыманне Зіноўева, параіўшы звярнуцца ў «Атомстройэкспорт». На расейскім прадпрыемстве таксама адмовіліся ад тэлефоннага каментару, спаслаўшыся на тое, што начальніца ўпраўлення інфармацыі зараз знаходзіцца ў камандзіроўцы.
Гэта не першы інцыдэнт на будаўніцтве БелАЭС. Двойчы быў пашкоджаны корпус рэактару.

Напрыклад, у 2017 годзе падчас перамяшчэння корпус рэактара для першага блока БелАЭС выслізнуў і датыкнуўся зямлі. А ў ліпені 2019 года падчас будаўнічых працаў на Астравецкай АЭС два працаўнікі атрымалі моцныя траўмы. 59-гадовы і 23-гадовы рабочыя зваліліся з вышыні ў выніку збою працы аўтавышкі. Апошні скандал вакол будоўлі Беларускай атамнай электрастанцыі быў звязаны з тым, што расейскія будаўнікі не атрымалі заробкі за сваю працу.

Запусціць першы рэактар БелАЭС плануецца ў бліжэйшыя месяцы.

ав