Беларуская Служба

Створаная «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору»

14.10.2019 14:13
Актывісты плануюць стварыць агульную базу месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Photo: _Alicja_/pixabay.com/CC0 Public Domain

Прадстаўнікі сталічных і рэгіянальных ініцыятыў у справе мемарыялізацыі месцаў масавага пахавання ахвяраў сталінізму на сустрэчы 13 кастрычніка ў Менску аб’ядналіся ў калектыўную ініцыятыву з працоўнай назвай «Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору», паведамляе „Свабода” са спасылкай на БелаПАН.

У сустрэчы прынялі ўдзел каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч, лідар грамадскай ініцыятывы «Хайсы» у Віцебску Ян Дзяржаўцаў, даследчыкі пахаванняў і актывісты мясцовых ініцыятыў па мемарыялізацыі Алег Аксёнаў (Магілёў), Анатоль Аскерка (Барысаў), Мікалай Падгайскі (Баранавічы), кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі, актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мастакі Алесь Марачкін і Генадзь Драздоў, шэраг абаронцаў Курапатаў. Сустрэчу мадэраваў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец.

На наступным пасяджэнні прадстаўнікі новай ініцыятывы плануюць прыняць рэзалюцыі, а таксама сфарміраваць каманду, якая зоймецца стварэннем сайту Нарады, агульнай базы месцаў масавага знішчэння і пахавання ахвяр рэпрэсій, а таксама каляндар падзей.

Калі ўлады не праявяць палітычную волю, архівы органаў унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі з імёнамі рэпрэсаваных у часы сталінскага рэжыму адкрытыя не будуць, заявіў на сустрэчы актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» культуролаг Вацлаў Арэшка.

«Як бы мы хацелі ці не хацелі гэтага прызнаваць, пакуль не будзе палітычнай волі, ня будуць рэальна адкрытыя архівы органаў. Рэальна мы не даведаемся, хто быў не толькі рэабілітаваны, але рэпрэсаваны наогул. Гэта адзін з кірункаў, па якім нам трэба сумесна працаваць», — падкрэсьліў культуроляг.

Паводле слоў Арэшкі, большасць вядомых імёнаў тых, хто трапіў у лік ахвяраў сталінскага рэжыму, — гэта «імёны рэабілітаваных, а такіх, на жаль, да гэтага часу значна менш, чым было рэпрэсавана ў цэлым».

«Асноўная крыніца, з якой мы даведаемся пра тое, хто і дзе быў арыштаваны, рэпрэсаваны, расстраляны, — гэта база звестак аб рэабілітаваных, — канстатаваў ён. — Такая база пачала складацца ў Беларусі ў 1990-я гады. Яна складалася каля 10 гадоў архіўным упраўленнем — была ў той час адліга, але потым улады прыкрылі гэтую справу».

Паводле яго, на дадзены момант, наколькі нам вядома, гэтая база, якая спачатку была ў выглядзе картак, а пасля была кампутарызаваная, налічвае каля 150 тысяч прозвішчаў. У параўнанні з агульнай колькасцю рэпрэсаваных у Беларусі гэта нават ня меншая частка, а мізэрная.

аз