Беларуская Служба

Лукашэнка дапусціў, што будзе ствараць партыю

18.10.2019 19:02
«Мы да гэтага яшчэ прыйдзем, але прыйдзем прыгожа».
Prezydent Białorusi Aleksander Łukaszenka
Prezydent Białorusi Aleksander ŁukaszenkaWikimedia

На сустрэчы ў Акадэміі кіравання 18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, як піша ягоная прэс-служба, «не выключыў», што ў будучыні палітычныя партыі будуць мець большую ролю ў «парламенцкім жыцці», паведамляе Радыё «Свабода».

«Мы да гэтага яшчэ прыйдзем, але прыйдзем прыгожа, – расказаў Лукашэнка пра пашырэнне ролі партыяў. – Партыі гэтыя павінны сфармавацца. Новыя людзі, новыя ідэі. На іх падставе сфармуюцца і партыі. Такі мой пункт гледжання».

Пры тым у Беларусі існуе арганізацыя, якая падтрымлівае Лукашэнку і хоча стаць партыяй – «Белая Русь». Сам Лукашэнка называў «Белую Русь» «слупам грамадзянскай супольнасці».

Ранейшы старшыня «Белай Русі» Аляксандар Радзькоў яшчэ ў 2016 годзе казаў, што ягоная арганізацыя гатовая трансфармавацца ў партыю. У студзені 2018 году прэс-сакратар арганізацыі казаў, што аб’яднаньне чакае дазволу Лукашэнкі, каб стаць партыяй. Але новы кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька пасля з'езду ў студзені 2018 году заявіў, што «не наспеў яшчэ час» станавіцца партыяй.

«Белая Русь» – не адзіная праўладная арганізацыя, што ўдзельнічае ў палітычным жыцці. Напрыклад, у выбарчыя камісіі накіроўваюць сваіх чальцоў разам зь «Белай Руссю» БРСМ, Саюз жанчын, Саюз вэтэранаў, Фонд міру і Федэрацыя прафсаюзаў. Праўда, гэтыя арганізацыі і не планавалі станавіцца партыямі.

вс