Беларуская Служба

У Беларусі набірае абарот перадвыбарчая кампанія

21.10.2019 15:45
З панядзелка пачынаюцца выступы кандыдатаў у дэпутаты па ТБ і радыё.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Free-Photos from Pixabay/CC0

З 21 кастрычніка пачаліся выступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання па тэлебачанні і радыё.

Усе кандыдаты па Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай вобласцях, а таксама па горадзе Мінску атрымалі магчымасць выступіць на тэлеканале «Беларусь 3», а па Мінскай вобласці – на СТВ, пведамляюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Выступы пройдуць у працоўныя дні па 6 лістапада. Працягласць кожнага абмежаваная пяццю хвілінамі.

Па тэлебачанні яны будуць транслявацца ў вячэрні прайм-тайм – з 19.00 да 20.40. Выключэнне – 22 і 29 кастрычніка, калі эфірны час прадстаўляецца з 19.00 да 19.30.

Радыёвыступы можна будзе паслухаць з 7.00 да 8.00. Эфірны час кандыдатаў, якія будуць балатавацца па Мінску, выдзеліць «Радыё-Мінск», па Мінскай вобласці – радыёстанцыя «Мінская хваля». Тым, хто будзе вылучацца па іншых вобласцях, час дадуць абласныя тэлерадыёкампаніі.

Парадак арганізацыі і правядзення дэбатаў, даты іх правядзення і вядоўцу вызначаць тэлерадыёкампаніі. Эфірны час рэзервуецца з разліку не больш за пяць хвілін на аднаго кандыдата.

Кандыдаты яшчэ маюць права апублікаваць сваю перадвыбарчую праграму ў адной з рэспубліканскіх газет (»Звязда«, »Рэспубліка«), альбо абласной газеце, альбо ў гарадскіх ці раённых газетах, якія выдаюцца на тэрыторыі іх акругі.

Тэкст кандыдаты павінны прадставіць у СМІ не пазней 27 кастрычніка.

юл