Беларуская Служба

Кожны беларус мае менш за 6 тысяч долараў актываў

22.10.2019 16:15
Гэта вынікае з даследавання «Глабальнага ўзроўню дабрабыту», якое падрыхтаваў швейцарскі банк Credit Suisse.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by 3D Animation Production Company from Pixabay/CC0

Беларусь апынулася ў групе краін з памежным узроўнем дабрабыту. Паводле ацэнкі швейцарскіх экспертаў, на аднаго дарослага беларуса ў сярэднім прыпадае 5176 долараў фінансавых актываў, піша партал TUT.by

«Памежнымі» лічацца тыя краіны, дзе ўзровень дабрабыту на аднаго дарослага складае ад 5 да 25 тысяч долараў. Апроч Беларусі ў гэтую групу трапілі, напрыклад, Індыя, Бразілія, Інданезія, Іран, Філіпіны, Турцыя.

Летась Credit Suisse залічыў Беларусь да бедных краін з узроўнем дабрабыту менш за 5 тысяч долараў на чалавека.

Сёлета сярод нашых суседзяў меншыя ўзровень дабрабыту мае толькі Украіна – 2933 долары на чалавека. У Летуве ён складае 6425 долараў, у Расіі – 10 596 долараў, у Польшчы – 18 574 долараў, у Латвіі – 24 656 долараў.

Самы высокі ўзровень дабрабыту мае Швейцарыя – 389 958 долараў на чалавека, Ганконг – 388 169 долараў і ЗША – 364 773 долараў.

юл