Беларуская Служба

Назіральніка, які зняў спробу ўкіду бюлетэняў, пазбавілі акрэдытацыі

15.11.2019 14:20
Выбарчая камісія прыняла гэтае рашэнне ў прысутнасці назіральнікаў АБСЕ.
Салдаты галасуюць на датэрміновым галасаванні ў МінскуPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Пры галасаванні ўстрымаўся толькі адзін з сябраў камісіі, паведамляе Радыё Свабода.

Юры Вашчанчук назіраў ад кампаніі «Права выбару» на ўчастку № 37 Брэсцкай Усходняй акругі № 3. Ён ужо меў папярэджанне ўчастковай камісіі ад 14 лістапада.

Падчас паседжання ўчастковай выбарчай камісіі яе старшыня Мосіна зачытала прэтэнзіі да назіральніка. Сярод іх адзначаецца, што ён «ствараў перашкоды для галасавання», «рабіў дзеянні, якія парушаюць тайну галасавання», «знаходзіўся каля кабін і скрыняў для галасавання», «вёў відэаздымку без атрымання дазволу старшыні камісіі».
У камісіі кажуць, што яму неаднаразова рабілі заўвагі, але ён іх ігнараваў.

Вашчанчук аспрэчыў кожную прэтэнзію. Ён заявіў, што пры спробе парушэння выбарчага кодэкса – спробе ўкіду бюлетэняў – у яго не было магчымасці ўзгадняць відэафіксацыю са старшынёй камісіі.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына 14 лістапада назвала дзеянні Юрыя Вашчанчука недапушчальнымі і заявіла, што яго трэба пазбавіць акрэдытацыі. Старшыня камісіі і дырэктарка дзіцячага садку, дзе працуе гераіня відэа Анастасія Кулічкова, Тацяна Мосіна заявіла, што дзяўчына не вінаватая – маўляў, «чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку». Яна паведаміла, што дзяўчына моцна перажывала і не выйшла на працу на наступны дзень.

Назіральнік Юры Вашчанчук 13 лістапада на ўчастку № 37 Берасцейскай Усходняй акругі № 3 зняў на відэа дзяўчыну, якая нібыта спрабавала ўкінуць у скрыню для галасавання стос бюлетэняў.

Дзяўчына з відэа, Анастасія Кулічкова, кажа, што гэта быў адзін складзены бюлетэнь. На відэа чуваць, як нехта – назіральнік сцвярджае, што старшыня камісіі – кажа дзяўчыне сыходзіць, і тая сыходзіць з участку з бюлетэнямі, хоць выносіць іх з участку таксама незаконна.

ав