Беларуская Служба

Фізічны пуск першага блока БелАЭС чакаецца ў I квартале – Мінэнерга

20.11.2019 11:15
Будаўнічыя работы практычна завершаны, засталіся пытанні добраўпарадкавання, аздаблення памяшканняў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: slightly_different/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС чакаецца ў I квартале 2020 года, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у сераду ў Мінску, паведамляе Інтэрфакс.

«Думаю, калі ўсё складзецца станоўча, мы ў I квартале 2020 гаду выйдзем на фізічны пуск», – сказаў Міхадзюк, якога цытуе дзяржагенства БелТА.

У цяперашні час на першым блоку БелАЭС вядуцца дапускавые аперацыі, праінфармаваў намеснік міністра. «Гэта значыць будаўнічыя работы практычна завершаны, засталіся пытанні добраўпарадкавання, аздаблення памяшканняў. Мы ацэньваем, што гатоўнасць першага энергаблока – 97% ад агульнага аб'ёму работ па праектнай дакументацыі», – сказаў ён.

Акрамя таго, на БелАЭС ідзе падрыхтоўка да выхаду на так званую гарачую абкатку. Падчас гэтага этапу ў зоне рэактара будуць знаходзіцца імітатары ядзернага паліва. У гэты час рэактар будуць выводзіць на працоўныя параметры па тэмпературы і ціску і праводзіць цыкл выпрабаванняў. Наступная аперацыя пасля завяршэння гэтага этапу – загрузка паліва, так званы фізічны пуск.
Як распавёў Міхадзюк, на другім энергаблоку БелАЭС нароўні з будаўнічымі работамі вядзецца мантаж асноўнага тэхналагічнага абсталявання.

На ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў БелАЭС зараз задзейнічаны 36 субпадрадных арганізацый, у тым ліку 22 беларускія і 14 расійскіх. Колькасць будаўнічага і мантажнага персаналу складае каля 4,9 тыс. чалавек.

Раней дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Васіль Палюховіч паведамляў агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што ў выпадку завозу паліва на БелАЭС да канца бягучага года «ў студзені можа адбыцца аперацыя фізічнага пуску ядзернай устаноўкі».

Беларусь вядзе будаўніцтва АЭС побач з горадам Астравец у Гродзенскай вобласці па расійскаму праекту «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Увод першага энергаблока ў энергасістэму запланаваны на пачатак 2020 года, другога – у другой палове 2020 года. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС зʼяўляецца «Атамбудэкспарт» (структура «Расатама»).

ав