Беларуская Служба

Лукашэнка паляцеў у Сочы на сустрэчу з Пуціным

07.12.2019 08:12
8 снежня Беларусь і Расія збіраюцца падпісаць дакументы аб паглыбленай інтэграцыі.
K   .
Kіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.PAP/EPA/NIKOLAI PETROV /BELTA /POOL

7 снежня з Нацыянальнага аэрапорта кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка вылецеў у Сочы. У другой палове дня ён правядзе працоўную сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, на якой будуць абмяркоўвацца пытанні „двухбаковага супрацоўніцтва”, паведамляе сайт president.gov.by.

Напярэдадні, падчас сустрэчы ў Палацы Незалежнасці з дэпутатамі і сенатарамі 6-га і 7-га скліканняў, беларускі лідар заявіў, што Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай і не ўступіць у склад Расіі. Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не збіралася і не збіраецца ўваходзіць у склад якой-небудзь дзяржавы, „нават брацкай Расіі”

Тым часам „Еўрарадыё” нагадвае, што 6 снежня адбылася сустрэча прэм'ераў Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Падчас яе стала вядома, што з трыццаці адной „дарожнай карты” узгодненыя ўсяго 16, што дагэтуль не падпісаны газавы кантракт, згодна з якім Беларусь хоча атрымліваць газ па цане Смаленскай вобласці - 70 долараў за тысячу кубаметраў. І, галоўнае, што праект праграмы паглыбленай інтэграцыі не ўтрымлівае ніякіх наддзяржаўных органаў, пра якія вялася гаворка раней.

8 снежня ў 20-ю гадавіну падпісання Дамовы аб Саюзнай Дзяржаве, Беларусь і Расія збіраюцца падпісаць дакументы аб паглыбленай інтэграцыі.

аз