Беларуская Служба

Сотні людзей пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расіяй у цэнтры Мінска

07.12.2019 10:07
7 снежня ў цэнтры Мінска праходзяць дзве акцыі пратэсту супраць «паглыблення інтэграцыі» Беларусі і Расіі.
         .
Сотні людзей пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расіяй у цэнтры Мінска.PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

7 снежня ў цэнтры Мінска праходзяць дзве акцыі пратэсту супраць «паглыблення інтэграцыі» Беларусі і Расіі. Ніводная акцыя не санкцыянаваная беларускімі ўладамі, паведамляе „Свабода”.

На адну з акцыяў пратэсту ў гэты дзень заклікаў сустаршыня «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Павел Севярынец. На яшчэ адну, «жывы ланцуг», заклікала кампанія «Свежы вецер», якая 5 снежня выкаціла гарбуз да расейскай амбасады.

Акцыі пратэсту запланаваныя 7 снежня, бо менавіта ў гэты дзень у Сочы сустракаюцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Мяркуецца, што на сустрэчы яны будуць абмяркоўваць «паглыбленне інтэграцыі» напярэдадні 20-й гадавіны стварэння «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расіі.

Што за дакументы яны маюць падпісаць і што за «дарожныя мапы» інтэграцыі абмяркоўваюць урады краінаў, не раскрываецца.

Супраць «паглыблення інтэграцыі» пратэстуюць не толькі ў Беларусі. Між іншым, 6 снежня ля будынку Еўрапейскай камісіі ў Бруселі некалькі беларусаў і ўкраінцаў зладзілі пікет. Яго ўдзельнікі заклікалі беларусаў выходзіць на акцыі пратэсту ў дзень перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, каб «бараніць Беларусь і яе незалежнасць», паведамляе сайт Belarus.eu.

аз