Беларуская Служба

У Мінску прайшлі акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй

07.12.2019 19:21
У акцыях супраць „паглыбленай інтэграцыі” ў Саюзнай дзяржаве ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек.
,       .
Мінск, пратэсты супраць «паглыблення інтэграцыі» Беларусі і Расіі.PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Каля тысячы чалавек 7 снежня ў Мінску ўзялі ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй. Пратэст быў прымеркаваны да планаванага падпісання паміж дзвюма дзяржавамі дакументаў па так званай „паглыбленай інтэграцыі” ў Саюзнай дзяржаве.

Так, з 11.30 да 11.45 уздоўж праспекта Незалежнасці, на ўчастку ад будынка цырка да Галоўпаштамта, сотні людзей сталі ў жывы ланцуг, трымаючыся за рукі. Акцыя была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй „Свежы вецер”, створанай некалькі месяцаў таму для абароны дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.

„Акцыя мела выключна сімвалічны характар, — сказаў у каментары БелаПАН удзельнік кампаніі „Свежы вецер” палітолаг Андрэй Ягораў. — Мы хацелі прадэманстраваць грамадзянскую пазіцыю ў дачыненні да паглыбленай інтэграцыі — таго, што думка грамадзян ніяк не ўлічваецца ў гэтым працэсе. Ад нас хаваюць афіцыйную частку, мы не ведаем, што будзе падпісана і ці будзе падпісана наогул. Гэта хвалюе людзей, таму трэба было выказаць гэта публічна”.

Пасля поўдня на Кастрычніцкай плошчы пачаўся несанкцыянаваны мітынг супраць інтэграцыі з РФ, які ініцыяваў апазіцыйны палітык Павел Севярынец, сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў у мегафоны аб незаконнасці акцыі.

Перад мітынгам на прыступках Палаца Рэспублікі адбылася патасоўка паміж удзельнікамі акцыі і сілавікамі ў цывільным, якія спрабавалі не прапусціць людзей да будынка. У гэтай акцыі спачатку ўдзельнічала да паўтысячы чалавек, аднак іх колькасць паступова ўзрасла. Падчас мітынгу яго ўдзельнікі парвалі некалькі партрэтаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.

У ліку іншых на мітынгу выступілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень, паэт Уладзімір Някляеў, мастак Алесь Марачкін, сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова. Выступоўцы на Кастрычніцкай плошчы выказваліся катэгарычна супраць інтэграцыі з Расіяй, нагадваючы аб шматвяковай барацьбе беларусаў за незалежнасць, а таксама аб імперскіх намерах Расійскай Федэрацыі.

Пасля таго як жадаючыя выступілі, Севярынец заклікаў усіх пайсці на плошчу Незалежнасці. У шэсці, якое прайшло без перашкод з боку праваахоўнікаў, прымала ўдзел каля 800 чалавек. Пасля непрацяглага мітынгу на плошчы Незалежнасці і чытання малітваў каля Чырвонага касцёла дэманстранты адправіліся па вуліцах Валадарскага і Інтэрнацыянальнай на плошчу Свабоды. Міліцыя шэсцю таксама не перашкаджала.

Выступаючы на стыхійным мітынгу на плошчы Свабоды, Севярынец заклікаў вызваліць палітычных зняволеных, у тым ліку Юркойця, Жамчужнага, Валавіка, Круткіна, Аваторава. Перад прысутнымі таксама выступіў лідар незарэгістраванай Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі. Выступоўцы заклікалі вярнуць уладу народу, выказаліся супраць інтэграцыі з Расіяй, якая, на іх думку, пазбавіць краіну тэрытарыяльнай, эканамічнай і знешнепалітычнай незалежнасці.

Пасля мітынгу на плошчы Свабоды колькасць удзельнікаў акцыі паменшылася прыкладна да 400 чалавек і людзі накіраваліся на Кастрычніцкую плошчу. Там прайшоў яшчэ адзін стыхійны мітынг супраць інтэграцыі з Расіяй.

Сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык падзякаваў усім, хто выйшаў сёння на акцыю за незалежнасць Беларусі. Паводле яго слоў, цяпер незалежнасць краіны падтрымліваюць 95% грамадзян, „але яны не вераць, што пагроза сур'ёзная, што нават такі чалавек, як Лукашэнка, можа прадаць незалежнасць Беларусі”.

„Сёння ў Сочы два страшныя і ўжо старыя чалавекі вырашаюць лёс нашай краіны, не маючы на гэта права, — сказаў Сіўчык. — У 1996 годзе Лукашэнка здзейсніў пераварот, пасля якога ў нас дагэтуль няма выбараў. Другі (Пуцін. — БелаПАН.) яшчэ страшнейшы: у 2008 годзе з-за яго здарылася вайна ў Грузіі, у 2014-м —ва Украіне. Нянавісць да гэтай імперыі адтуль ужо ніколі не сыдзе. Цяпер Пуцін, мабыць, хоча, каб і ў Беларусі пранікліся гэтым пачуццём”.

З Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі акцыі — каля 400 чалавек — адправіліся ў сквер Янкі Купалы, дзе на працягу чвэрці гадзіны чыталі яго вершы. Затым дэманстранты пайшлі на плошчу Якуба Коласа, дзе праспявалі „Мы выйдзем шчыльнымі радамі” і „Магутны Божа”.

Каля 16.30 Севярынец абвясціў аб заканчэнні акцыі і заклікаў дэманстрантаў працягнуць пратэст супраць інтэграцыі з Расіяй у нядзелю, 8 снежня. У гэты дзень, як мяркуецца, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка могуць падпісаць у Сочы пакет дакументаў аб паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

аз