Беларуская Служба

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю Генасамблеі ААН аб мілітарызацыі Крыму

10.12.2019 10:39
Табло з вынікамі галасавання, якое адбылося 9 снежня, размясціла ў сацсетках прадстаўніцтва Украіны ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. 
.
. PAP/EPA/SERGEY DOLZHENKO

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю Генеральнай асамблеі ААН, у якой выказваецца занепакоенасць мілітарызацыяй паўвострава Крым, піша naviny.by.

Табло з вынікамі галасавання, якое адбылося 9 снежня, размясціла ў сацсетках прадстаўніцтва Украіны ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Дакумент, суаўтарамі якога сталі 39 краін, падтрымалі 63 дэлегацыі, супраць выказаліся 19.

У рэзалюцыі пад назвай «Праблема мілітарызацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаль, Украіны, а таксама частак Чорнага і Азоўскага мораў» утрымліваецца патрабаванне да Расеі вывесці войскі з паўвострава і спыніць акупацыю тэрыторыі Украіны.

Рэзалюцыя асуджае ваенныя вучэнні Расіі ў Крыме і выкарыстанне «захопленых ёю ваенных прадпрыемстваў», паказвае на «неправамернае выкарыстанне ядзернай інфраструктуры на ўкраінскім паўвостраве».

Дакумент змяшчае рэкамендацыю замежным дзяржавам, міжнародным арганізацыям і ўстановам устрымацца ад візітаў у Крым «без узгаднення з Украінай».

Беларуская дэлегацыя традыцыйна не падтрымлівае ў ААН рэзалюцыі, якія асуджаюць анексію Крыма, салідарна галасуючы з Расіяй. Афіцыйны Менск дэ-факта прызнае паўвостраў расійскім, аднак дэ-юрэ такое прызнанне не зроблена.

ав