Беларуская Служба

Парламенцкая дэлегацыя В'етнама наведае Беларусь 12-14 снежня

11.12.2019 12:01
У 2018 годзе тавараабарот Беларусі і В'етнама склаў $115,3 млн, у студзені-верасні 2019-га - $153,4 млн.
Сцяг В'етнамаPhoto: Chickenonline/pixabay.com/CC0 Public Domain

Парламенцкая дэлегацыя В'етнама на чале са старшынёй Нацыянальнага сходу Нгуен Тхі Кім Нган наведае Беларусь з афіцыйным візітам 12-14 снежня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

У час візіту адбудуцца сустрэчы дэлегацыі са спікерамі Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Наталляй Качанавай і Уладзімірам Андрэйчанкам, прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам.

Парламентарыі В'етнама наведаюць ААТ „МАЗ” і прадпрыемства „Адані”, якое выпускае надгляднае рэнтгенаўскае, медыцынскае рэнтгенадыягнастычнае абсталяванне, настольныя аналітычныя прыборы. У праграме візіту таксама наведванне сярэдняй школы нумар 201 Мінска.

У 2018 годзе тавараабарот Беларусі і В'етнама склаў $115,3 млн, у студзені-верасні 2019-га - $153,4 млн. Асноўныя крыніцы беларускага экспарту ў В'етнам - калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, трактары, кар'ерныя самазвалы, шыны, поліаміды, рухавікі, лякарствы, вырабы з металаў, мяса-малочная і алкагольная прадукцыя і інш. У Беларусь з В'етнама імпартуюцца мабільныя тэлефоны, офіснае абсталяванне, морапрадукты, рыс, арэхі, вырабы лёгкай прамысловасці, натуральны каўчук, перапрацаваныя трапічныя фрукты, чай, кава.


аз