Беларуская Служба

Аргкамітэт Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць прыняў зварот

28.01.2020 15:24
У гэтым дакуменце тлумачацца прычыны склікання Кангрэса і заклікаюцца прадстаўнікі ўсіх патрыятычных структур беларускага грамадства прыняць удзел у Кангрэсе.
Гістарычны сцяг беларусіpixabay.com

28 студзеня Аргкамітэт Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць прыняў зварот.

30 студзеня будзе прынятая канчаткова інструкцыя з нормамі, квотамі прадстаўніцтва на Кангрэсе і парадкам абрання на яго дэлегатаў. Пасля гэтага Аргкамітэт стане дасылаць інфармацыйныя лісты арганізацыям Беларусі і замежжа з запрашэннем абраць дэлегатаў ад структур, якія вырашаць стаць суарганізатарамі Кангрэса.

ЗВАРОТ АРГКАМІТЭТУ УСЕБЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСА ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Паважаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь! Шаноўны беларускі народзе!

Набліжаецца 30-гадовы юбілей Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 года, якая абвясціла сучасную беларускую дзяржаўнасць. У жніўні 1991 году Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага акту, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Так спраўдзілася мара доўгіх стагоддзяў, калі пачынаючы з часоў Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай народнай рэспублікі ды да БССР, нашы продкі будавалі падмурак сённяшняй незалежнай дзяржавы.

Аднак надышоў момант, калі пануючы ў Беларусі рэжым адзінаўладдзя больш не ў стане гарантаваць, што мы захаваем спадчыну і застанёмся гаспадарамі на сваёй зямлі. Бо ў апошнія месяцы інтэнсіўна паўзе паглынанне нашай краіны ўсходняй імперскай суседкай. Усе перамовы і дзеянні Крамля з афіцыйным Мінскам за зачыненымі дзвярыма, заснаваныя на так званай «дамове аб саюзнай дзяржаве», парушаюць міжнародныя абавязацельствы, канстытуцыі як Беларусі, так і Расіі.

Супраць «саюзнай інтэграцыі», якая мае прыкметы нацыянальнай і дзяржаўнай здрады, выступіла патрыятычная грамадскасць па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Тысячы неабыякавых грамадзян, хто па-сапраўднаму любіць Беларусь, выйшлі на плошчы ды вуліцы гарадоў з пратэстам, сотні тысяч сачылі і спачувалі дэманстрантам.

У адказ антыбеларускія сілы цяперашняй ўлады запусцілі супраць нацыянальнай эліты, патрыятычнай моладзі, іншых мірных дэманстрантаў адміністрацыйны канвеер рэпрэсій. Улады задушваюць крытычныя галасы, ігнаруюць прапановы змяніць становішча ў Беларусі да лепшага.

Народ Беларусі, які па Канстытуцыі 1994 года з’яўляецца «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту», адхіляецца ад прыняцця дзяржаўных рашэнняў, ад абароны незалежнасці. За спіной свайго народу мясцовага дыктатара прымушаюць баязліва падпісаць ганебны, антызаконны «пакт Пуціна-Лукашэнкі».

Манкурты ад улады, некампетэнтныя кіраўнікі, заклапочаныя толькі пытаннямі ўласнага ўзбагачэння, цягнуць беларускую эканоміку ў багна. Націск Крамля на нашу краіну нарастае, гэта адчуваецца штодня.

Нахабна ўзрастае небяспека аншлюсу, пасля якога Беларусь напаткаюць сацыяльна-эканамічныя праблемы Расіі (войны, карупцыя, злачыннасць, беднасць рэгіёнаў), наш народ сутыкнецца з перспектывамі эканамічнага і сацыяльнага калапсу. Беларусы ў складзе Расіі стануць парушальнікамі міжнароднага права і парадку.

Мы паважаем расійскі народ, адрозніваем яго інтарэсы ад палітыкі Крамля, жадаем расіянам пазбавіцца ад аўтарытарнай дыктатуры і навучыцца ўспрымаць суседнія краіны не як кавалкі ад сваёй імперыі, а як добрых і роўных партнёраў. Народы нашых краін могуць салідарна імкнуцца да свабоды і дэмакратыі, матэрыяльнага дабрабыту і росквіту сваіх культур.

Усе памятаюць, што наша гісторыя ведае шмат прыкладаў гераічнага супраціву акупантам з розных краёў. Беларускі народ неаднаразова сваёй адкрытай і партызанскай барацьбой даказваў сваё жаданне быць самастойным. Нашы продкі мацавалі нацыянальны дух, мову, культуру, заплацілі крывёй высокую цану, каб нарэшце мы самі вырашалі лёс сваёй краіны.

Гераізм змагароў за Незалежнасць ня згас у нашых сэрцах! Няхай ведае ўвесь свет. Мы не дазволім, каб Беларусь знікла з палітычнай мапы!

Як сто гадоў таму, у часы БНР, мы зноў звяртаемся да беларускіх рабочых, сялян, інтэлігенцыі, усіх слаёў беларускага грамадства са зваротам: Айчына ў небяспецы, мы павінны абараніць права заснавання суверэннай дэмакратычнай Беларусі!

Цяпер мы звяртаемся да ўсіх і кожнага з беларускіх грамадзян: падтрымайце скліканне «Усебеларускага Кангрэсу за незалежнасць», які мы правядзем 15 сакавіка 2020г., у гадавіну прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь!

Гэта будзе другі такі Кангрэс, першы адбыўся ў снежні 2014 года, на якім быў прыняты адпаведны Маніфест. Яшчэ раней, у ліпені 2000 года, у знак пратэсту супраць падпісання «саюзнай дамовы» з РФ, прайшоў Усебеларускі з’езд, які прыняў «Акт незалежнасці Беларусі». Але зараз небяспека з боку пуцінскай Расіі для незалежнасці толькі павялічылася, патрэбныя больш рашучыя сістэмныя дзеянні.

Мэта цяперашняга Кангрэсу – сфарміраваць агульнанацыянальны падыход да абароны незалежнасці Беларусі ад небяспекі «саюзнай інтэграцыі» з імперскім рэжымам РФ і мабілізацыя на гэтую абарону беларускага народа як адзінага носьбіта суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь. Мы выпрацуем разам канкрэтныя меры па ўсіх аспектах абароны незалежнасці Беларусі.

Мы заклікаем прадстаўнікоў розных дэмакратычных партый, незалежных прафсаюзаў, праваабарончых, журналісцкіх арганізацый, канфесій, сяброў кожнай структуры грамадзянскай супольнасці, сходаў грамадзян Беларусі: збірайцеся і вылучайце сваіх дэлегатаў на Усебеларускі Кангрэс!

Толькі разам з вамі дэлегаты ад усяго нашага народу змогуць гучным шматтысячным голасам абвесціць на ўвесь свет нацыянальны вердыкт супраць інтэграцыі з імперскай Расіяй і прапанаваць дэмакратычную альтэрнатыву развіцця суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Жыве вечна вольная, незалежная, заможная Беларусь!