Беларуская Служба

Павел Севярынец выступіў у Сейме Літвы

16.02.2020 11:21
5 лютага ў літоўскім парламенце прайшоў першы зʼезд Руху супраць Астравецкай АЭС.
Павал Севярынец выступае ў Сэйме Літвыhttps://bchd.info/

На ім выступілі літоўскія і замежныя палітыкі. Сярод спікераў – старшыня Сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс, Нобэлеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч, былы кіраўнік МЗС Украіны Паўло Клімкін, кіраўнік аднаўленчага Сейма Літвы Вітаўтас Ляндсбергіс, а таксама беларускія апазіцыйныя палітыкі. Кіраўнік «Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў» Павал Севярынец, кіраўнік цэнтра «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька і кіраўнік беларускай партыі зялёных Дзмітрый Кучук, паведаміла БХД.

На зʼездзе быў зацверджаны тэкст петыцыі, адрасаванай Еўрапарламенту. Рух супраць Астравецкай АЭС вылучае пяць асноўных патрабаванняў:

• прыняць пастанову аб тым, што на беларускай атамнай электрастанцыі падчас будаўніцтва першага рэактара былі дапушчаныя сурʼёзныя парушэнні, галоўнае з якіх – выбар пляцоўкі. МАГАТЭ рэкамендуе не будаваць АЭС у радыусе 100 км ад буйных населеных пунктаў, тады як Астравецкая АЭС будуецца за 45 км ад Вільні і за 20 км ад літоўскай мяжы;

• заклікаць Беларусі не выдаваць ліцэнзію на эксплуатацыю АЭС у неналежным месцы. Калі ўлады Беларусі і Росатом усё ж вырашаць працягнуць будаўніцтва другога, трэцяга і чацвёртага рэактараў, ЕС павінен патрабаваць іх перамяшчэння і закрыцця або перамяшчэння першага рэактара.

• заклікаць Еўрапейскую камісію і Еўрапейскую Раду выказаць поўную салідарнасць з Літвой у тым, што Астравецкая АЭС пагражае нацыянальнай бяспецы і прыняць законы, якія забараняюць імпарт электраэнергіі з гэтай станцыі.

• заклікаць Еўрапейскую камісію, Раду Еўрапейскага Саюза, краіны ЕС і стратэгічных партнёраў ЕС разгледзець пытанне аб санкцыях супраць Росатама і іншых кампаній, якія адказваюць за будаўніцтва Астравецкай АЭС.

• паскорыць працэс сінхранізацыі электрасетак краін Балтыі з кантынентальнай Еўропай да 2025 года, каб знізіць залежнасць краін Балтыі ад расейскіх крыніц энергіі.

Падчас пасяджэння з дапамогай тэлефоннай сувязі выступіла Нобэлеўскі лаўрэат, пісьменніца Святлана Алексіевіч. Яна сказала, што Беларусь вынесла нуль урокаў пасля Чарнобыльскай аварыі. «Цяпер ужо ясна, што расце пакаленне Грэты, якое задае пытанне: якую планету вы нам пакінеце? Яны напэўна зробяць больш, чым мы», – сказала Алексіевіч.

На зʼездзе выступіў кіраўнік «Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў» Павал Севярынец, які зазначыў, што праект БелАЭС – гэта расійскі інструмент уплыву. «Астравецкая АЭС – гэта расейская ядзерная бомба, якую падклалі пад самыя мяжы Еўрасаюза – за 45 км ад Вільні. Гэта стратэгічны праект Пуціна», – заявіў Павел Севярынец.

Дэлегаты зʼезда аднагалосна зацвердзілі тэкст ліста для беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У ім прапаноўваецца пачаць двухбаковыя перамовы ў фарматах «Беларусь-Літва» і «Беларусь-ЕС».

юл