Беларуская Служба

Лукашэнка зацікаўлены прамымі кантактамі з расійскімі рэгіёнамі

23.02.2020 09:45
Беларускі кіраўнік прымаў у Мінску губернатара Архангельскай вобласці Расіі.
.  .
Архангельск. Ілюстрацыйны здымак.Image by artmelana from Pixabay/СС0

Беларусь захоўвае вялікі інтарэс да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі. Пра гэта заявіў беларускі кіраўнік на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым, перадае БелТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь валодае дастатковымі абʼёмамі прамысловай прадукцыі, тавараў народнага спажывання для гандлю з расійскім рэгіёнам. Адна са сфер, дзе ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння, – гэта будаўніцтва. Таксама Беларусь гатова аснашчаць дамы ў Архангельскай вобласці сучаснымі беларускімі ліфтамі. «Мы значна мадэрнізавалі свае заводы па вытворчасці ліфтавага абсталявання і можам ліфты рабіць хоць для касмадрома, хоць для самалётаў, верталётаў і звычайных жылых дамоў», – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь таксама мае вялікі вопыт машынабудавання ад транспартавання грузаў да лесанарыхтовак. Яшчэ Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатовасці Беларусі падзяліцца з Архангельскай вобласцю сваім вопытам па развіцці сельскай гаспадаркі. Ён заявіў, што Беларусь можа дапамагчы ў племянной справе і ў вырошчванні агароднінных культур, уладкаванні малочнатаварных ферм, цяплічных комплексаў. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў эфектыўнае супрацоўніцтва з Егіптам, дзе Беларусь будуе і аснашчае цяпліцы.

У сваю чаргу Ігар Арлоў падзякаваў за магчымасць наведаць Беларусь. Ён назваў свой візіт «не парадным, а насычаным практычнымі справамі і рашэннямі». Расійскі чыноўнік выказаў перакананасць у тым, што ўзаемадзеянню наканаваны поспех на ўсіх узроўнях.

У мінулым годзе ўзаемны тавараабарот Беларусі і Архангельскай вобласці склаў 45,8 мільёнаў долараў, з іх 22,9 мільёны – гэта экспарт беларускіх тавараў у расійскі рэгіён і столькі ж – імпарт. Беларусь пастаўляла ў асноўным мяса ялавічыны і птушку, вырабы з бетону, цэменту і штучнага каменю, цукар, аўтамабілі, запчасткі да іх і іншыя тавары. А закупляліся ў Архангельскай вобласці пераважна папера, кардон, лом чорных металаў, драўняная цэлюлоза, шэрсць.

юл