Беларуская Служба

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі за 15 хвілін да пачатку

26.02.2020 18:59
ЕС: «Сустрэчу адмянілі, бо беларускі бок не прапанаваў фармат, які б задаволіў дэпутатаў Еўрапарламента».
Будынак Палаты Прадстаўнікоў у МінскуCC BY-SA 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1521984

«Са шкадаваннем вымушаны паведаміць, што сустрэча, якая была запланаваная з дэлегацыяй Еўрапарламента, не адбудзецца. Сустрэча не будзе праведзена па віне еўрапейскага боку»,- паведаміў журналістам старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты Андрэй Савіных. Паводле яго слоў, беларускія дэпутаты «былі гатовыя да дыялогу ў кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцяў у беларускай знешняй палітыцы», - паведаммляецца на сайце TUT.BY

Крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускаму боку аб адмене сустрэчы апавясцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку. «Мабыць, у апошні момант зайграў стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парламент, то не могуць зайсці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў рамкі здаровага сэнсу», – адзначыў суразмоўца.

Радыё Свабодзе ў прэс-службе камітэта замежных спраў Еўрапарламента паведамілі, што сустрэчу адмянілі, бо беларускі бок не прапанаваў фармат, які б задаволіў дэпутатаў Еўрапарламента.

Дэлегацыя Еўрапарламента прыбыла ў Мінск 24 лютага. У яе складзе – намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбро (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).
Мэта візіту, які будзе доўжыцца да 28 лютага, – азнаямленне новаабраных членаў Еўрапарламента з сітуацыяй у Беларусі і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

У ходзе візіту запланаваны сустрэчы еўрапарламентарыяў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазіцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці, студэнтамі.

На сустрэчы з журналістамі 25 лютага Карын Карлсбро заявіла, што ў Беларусі і Еўрасаюза ёсць магчымасці для больш глыбокага развіцця адносін. На думку парламентарыя, бакі могуць актыўна развіваць супрацоўніцтва ў трох важных галінах: дэмакратычнае развіццё, абарона навакольнага асяроддзя і клімату, развіццё гандлю. «Правы чалавека – вельмі важная тэма для ЕС. І мы яе падымаем у нашых адносінах з усімі краінамі», – падкрэсліла Карлсбро.

яс