Беларуская Служба

Маладафронтаўцаў будуць судзіць за фота і ўскладанне кветак на Дзень волі

02.04.2020 15:16
Міліцыя склала пратакол на аснове здымка.
Здымак мае ілюстрацыйны характарradyjo.net/Albert Jerzy Wierzbicki

Актывісты “Маладога фронту” Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч і Віталь Трыгубаў атрымалі пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння за правядзенне “несанкцыянаванага пікету”. Пра гэта паведамляецца на сайце праваабарончага цэнтра Вясна.

Такім пікетам міліцыянты з РУУС Маскоўскага раёна Мінска палічылі ўскладанне кветак 25 сакавіка да будынку, дзе была абвешчана незалежнасць БНР, і фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам, зроблены тады ж.

Прычым Максіму Урбановічу ў віну ставіцца тое, што ён трымаў нават не сцяг, а шалік з гербам “Пагоня” і надпісам “Беларусь жыве вечна”.

Гэта не першы выпадак, калі ўскладанне кветак расцэньваецца як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. У кастрычніку мінулага года тых жа маладафронтаўцаў – Дзяніса Урбановіча і Віталя Трыгубава асудзілі на 40 базавых велічынь штрафу кожнаму за ўскладанне кветак да помніка Янкі Купалы. Пратакол тады таксама быў складзены на падставе фота, зробленага актывістамі каля помніка.

яс