Беларуская Служба

Сын памерлай з каранавірусам жанчыны напісаў заяву на Лукашэнку

06.04.2020 14:32
Сын жыве ў Францыі і прыехаць да маці падчас пандэміі каранавіруса не змог.
Prezydent Białorusi Aleksander Łukaszenka
Prezydent Białorusi Aleksander ŁukaszenkaOkras/Wikipedia, lic. CC

У Полацкі РАУС пададзеная заява з просьбай пачаць крымінальную справу на Аляксандра Лукашэнку. Яе падаў Аляксандр Мацвееў. Яго маці, у якой выявілі каранавірус, памерла ў Віцебская абласной клінічнай бальніцы 2 красавіка.

Паводле звестак тэлеканала «Белсат», на якія спасылаецца «Еўрарадыё», у міліцыі прынялі заяву ў мужчыны і яе зарэгістравалі. У заяве гаворыцца наступнае:

«Патрабую распачаць крымінальную справу ў адносінах Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, 30.08.1954 г. н., ураджэнца пас. Копысь, Рэспубліка Беларусь, які, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, не прыняў неабходных мер па абароне насельніцтва ад распаўсюду асабліва небяспечнага віруса, у выніку чаго 02.04.2020 года ў абласной клінічнай больніцы горада Віцебска памерла Мацвеева Лідзія Дзмітрыеўна».

Сам Аляксандр жыве ў Францыі і прыехаць да маці падчас пандэміі каранавіруса не змог. 68-гадовая палачанка Лідзія Мацвеева ляжала ў аддзяленні неўралогіі ў Віцебскай абласной клініцы некалькі тыдняў. Па словах сына, дыягназ ёй мянялі тры разы. А пра наяўнасць каранавіруса паведамілі толькі ў даведцы ад морга.

«Страшна тое, што ніякай інфармацыі людзям не паступае, прозвішчы загінулых не публікуюцца афіцыйна, усё хаваецца. Людзі павінныя ведаць, што адбываецца ў нас у краіне. Каранцін неабходны, неабходна абараніць лекараў», – кажа Аляксандр Мацвееў.

Паводле інфармацыі на 6 красавіка, у Беларусі памерла 13 чалавек, у якіх выявілі каранавірусную інфекцыю. Агульная колькасць выяўленых носьбітаў віруса склала 700 чалавек.

вс