Беларуская Служба

Міністр Каранік пацвердзіў інфармацыю аб заражэнні віцебскіх лекараў

08.04.2020 13:08
Напярэдадні тэлерадыёкампанія «Віцебск» паведаміла, што ў рэгіёне каранавірусам заразіліся 38 медработнікаў, большая частка – у абласным цэнтры.
Медперсанал у Іспаніі PAP/EPA/Fernando Villar

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік пацвердзіў інфармацыю пра выпадкі заражэння медыкаў у Віцебскай вобласці каранавірусам, які выклікае хваробу COVID-19, паведамляюць naviny.by.

Напярэдадні тэлерадыёкампанія «Віцебск» паведаміла, што ў рэгіёне каранавірусам заразіліся 38 медработнікаў, большая частка – у абласным цэнтры. Акрамя таго, адзначалася ў эфіры, многія лекары адсутнічаюць на працоўным месцы «па прычыне іншых вірусных захворванняў і запалення лёгкіх».

7 красавіка ў вячэрнім эфіры тэлеканала «СТВ» кіраўнік Міністэрства аховы здароўя пацвердзіў факты заражэння медыкаў.

«Ёсць выпадкі, калі пацыент звяртаецца па дапамогу ў паліклініку, хоць мы ўвесь час просім: калі ёсць прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, не трэба нікуды хадзіць, выклічце лекара да сябе. Усё роўна часам прыходзяць на прыём у паліклініку і аказваюцца сам-насам у кабінеце з урачом-тэрапеўтам або трапляюць у агульнасаматычнае аддзяленне, неўралогію і іншыя аддзяленні, дзе персанал экіпіраваны горш, частка не мае неабходных сродкаў абароны, – сказаў Каранік. – У выніку мы атрымалі не ў тых стацыянарах, дзе аказваецца меддапамога пацыентам з COVID-19, а ў іншых факты інфікавання медыцынскіх работнікаў».

Як адзначыў кіраўнік ведамства, цяпер «ўзмацняецца забеспячэнне сродкамі абароны» ўсіх стацыянараў. Пры гэтым ён нагадаў, што масачны рэжым загадам Міністэрства аховы здароўя «ўведзены даўно».

«У пачатку наступнага тыдня наша лёгкая прамысловасць плануе выпускаць да 1 млн масак у суткі. Гэта дазволіць, па-першае, задаволіць патрэбы насельніцтва, а па-другое, папоўніць запасы медустаноў», – дадаў Каранік.

Нагадаем, лік заражаных новым каранавірусам, які выклікае хваробу COVID-19, працягвае расці. На восьмае красавіка выяўлена ўжо 1066 выпадкаў (памерла 13 чалавек).

ав