Беларуская Служба

У Беларусі зноў працягнулі вясновыя канікулы для школьнікаў

10.04.2020 17:02
Рашэнне аб працягу канікул прынята «з улікам наяўнага эпідэміялагічнага становішча, сезоннага ўздыму захворвання па вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях, грыпе, іншых інфекцыях».
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com/Alena Ozerova

У Беларусі зноў працягнулі вясновыя канікулы для школьнікаў. На гэты раз да 18 красавіка, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на агенцтва БелТА. Такое рашэнне кіраўніку дзяржавы прапанавалі прыняць Міністэрствы адукацыі і аховы здароўя. Аляксандр Лукашэнка яго падтрымаў.

У Адміністрацыі Лукашэнкі адзначылі, што рашэнне аб працягу канікул прынята «з улікам наяўнага эпідэміялагічнага становішча, сезоннага ўздыму захворвання па вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях, грыпе, іншых інфекцыях». Таксама ўлічвалася неабходнасць «стабілізацыі становішча».

Школьнікі павінны былі вярнуцца ў школы 6 красавіка, але канікулы працягнулі на тыдзень. Прычынай стала сітуацыя з каранавірусам і нежаданне многіх бацькоў адпускаць сваіх дзяцей у навучальныя ўстановы.

У Беларусі на раніцу 10 красавіка зарэгістраваны 1981 выпадак каранавіруса (у бальніцах знаходзяцца 1793 чалавекі, ёсць сярод іх і дзеці), памерлі 19 чалавек.

вс