Беларуская Служба

У беларускіх школах прагучалі апошнія званкі, сёлета амаль без лінеяк

29.05.2020 13:12
Напрыклад, у 19-й і 91-й мінскіх сярэдніх школах ад урачыстых падзей сёлета наагул адмовіліся.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Syda Productions

У Мінску 29 траўня прагучалі апошнія званкі, пасля гэтага заняткаў ня будзе. У рэгіёнах Беларусі яны пройдуць заўтра, 30 траўня. У некаторых школах апошні званок сёлета прагучаў онлайн, перадае “Радыё Свабода”.

Сёлета Міністэрства адукацыі Беларусі рэкамендавала школам не праводзіць выпускных лінеек праз эпідэмічную сітуацыю. Аднак рэкамендацыяй скарысталіся ня ўсе.

У гімназіі №23 у Мінску сёлета выпускаецца адзін клас, фармат імпрэзаў з нагоды канца заняткаў істотна змяніўся. Урачыстая цырымонія сёлета праходзіць онлайн, сказала дырэктарка гімназіі Ірына Пасюкевіч.

Напрыклад, у 19-й і 91-й мінскіх сярэдніх школах ад урачыстых падзей сёлета наагул адмовіліся.

«Зайшлі ў клас, павіншавалі, у званочак пазванілі – і ўсё. Але дзяцей сёння вельмі мала», – расказалі ў прыёмнай сярэдняй школы №91 гораду Мінску пра свой апошні званок.

Міністэрства адукацыі Беларусі рэкамендавала школам ня ладзіць сёлета выпускных лінеек, а ўсе святочныя імпрэзы з нагоды заканчэння навучальнага году правесці 10-11 чэрвеня разам з уручэннем атэстатаў.

«Гэта наша рэкамендацыя, а вырашаць адміністрацыя школаў. Калі яны вырашаць праводзіць лінейкі, то трэба рабіць іх з захаваннем санітарных стандартаў падчас эпідэміі», – патлумачыла прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая. На яе думку, лінеек у школах Беларусі сёлета амаль ня будзе.

эж