Беларуская Служба

У Гродна падчас міліцэйскай правакацыі затрымалі блогера Ціханоўскага

30.05.2020 10:01
Адметна, што напярэдадні затрымання блогера Ціханоўскага, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра яго.
Затрыманне блогера ЦіханоўскагаФота: svaboda.org

На выбарчым пікеце Святланы Ціханоўскай у Горадні 29 траўня адбыліся затрыманні. Затрымалі Сяргея Ціханоўскага, яго аператара і прыхільнікаў ютуб-каналу «Страна для жизни». Паводле інфармацыі УУС Гродзенскага аблвыканкаму, затрымалі 10 чалавек, паведамляе «Радыё свабода».

Гэта адбылося пасля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысці ад жанчын, якія хапалі яго за вопратку. Пасля гэтага з'явілася міліцыя.

Супрацоўнікі паспрабавалі затрымаць Ціханоўскага, у выніку чаго адзін з іх паваліўся на зямлю. Літаральна праз 30 секундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага. Сведкі паведамляюць пра затрыманне актывіста Змітра Фурманава.

Адметна, што напярэдадні затрымання блогера Ціханоўскага, Аляксандр Лукашэнка ўпершыню выказаўся пра яго. Падчас размовы з работнікамі МТЗ ён назваў блогера «шалудзівым».

эж