Беларуская Служба

У адным з раёнаў Магілёўшчыны ўвялі масачны рэжым

02.06.2020 11:10
Выкарыстоўванне масак насельніцтвам падчас наведвання публічных месцаў абавязковае.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Shutterstock/Maria Studio

У Кіраўскім раёне Магілёўшчыны ўвялі масачны рэжым, выезд абмежаваны - паведамляе Свабода. Адмысловае распараджэнне выдаў мясцовы райвыканкам «у сувязі з эпідэмічным становішчам і дзеля мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання на тэрыторыі раёну інфекцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19».

Дзейнічаць мера будзе да адмены распараджэння. Кантроль за яго выкананнем даручаны галоўнаму санітарнаму лекару раёну.

На сайце мясцовага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі гаворыцца, што выкарыстоўванне масак насельніцтвам падчас наведвання публічных месцаў абавязковае.

Жыхарам раёну рэкамендавана «пазбягаць выезду за межы адміністрацыйнай тэрыторыі, за выключэннем пільнай неабходнасці».

Кіраўскі раён быў адным з першых на Магілёўшчыне, дзе выявілі каранавірусную інфекцыю. 4 красавіка галоўны санітарны лекар вобласці Святлана Нячай паведаміла, што на COVID-19 захварэў «працоўны мігрант, які вярнуўся з Масквы».

Цягам наступных двух месяцаў паведамленняў пра вострую сітуацыю з каранавірусам у раёне не з'яўлялася. Аператыўна высветліць, колькі там цяпер заражаных COVID-19, пакуль не ўдаецца. На сайце цэнтру гігіены і эпідэміялогіі такой статыстыкі няма.

Раней у Івейскім раёне Мінскай вобласці таксама ўвялі масачны рэжым, але праз дзень яго адмянілі.

нг