Беларуская Служба

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў траўні знізіліся на 3,7 млн долараў

05.06.2020 14:21
На гэта паўплывала, між іншым, планавае пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў.
ЗолатаPhoto:erik_stein/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі ў траўні знізіліся на 3,7 млн долараў і на 1 чэрвеня 2020 года склалі 7.879,3 млн долараў ЗША, паведамляе Нацбанк.

Такім чынам, у траўні рэзервы скараціліся на 0,05% пасля росту ў красавіку на 96,4 млн долараў ЗША, або на 1,2%. На зніжэнне золатавалютных рэзерваў у траўні паўплывала планавае пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 220 млн долараў ЗША, гаворыцца ў паведамленні, якое са спасылкай на БелаПАН прыводзіць „Радыё Рацыя”.

Пры гэтым падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у траўні спрыялі купля замежнай валюты Нацыянальным банкам на ўнутраным рынку, паступленне замежнай валюты ў бюджэт, у тым ліку ад продажу Міністэрствам фінансаў аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, а таксама рост кошту манетарнага золата.

Нацбанк нагадвае, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год міжнародныя рэзервовыя актывы на 1 студзеня 2021 года павінны скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША.

„Нашы ацэнкі па памеры золатавалютных рэзерваў на канец года мы не мяняем. Яны ўстаноўленыя ў асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі”, — адзначыў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур 13 траўня падчас відэабрыфінгу.

У лютым ён заявіў, што рэзервы да канца года, хутчэй за ўсё, будуць бліжэй да 9,2 млрд долараў (паказчык на 1 лютага), чым да прагнознага арыенціра (7,3 млрд долараў). У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings чакае, што ўзровень рэзерваў да канца года апусціцца ніжэй за тую адзнаку, якую чакаюць улады. Паводле прагнозу Fitch Ratings, беларускія рэзервы да канца года складуць 7,1 млрд долараў. На думку аналітыкаў агенцтва, зніжэнне рэзерваў будзе абумоўленае пагашэннем Беларуссю дзяржаўнага доўгу і больш нізкім аб’ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнанні з папярэднімі гадамі.
Як паведамлялася, на 1 студзеня золатавалютныя рэзервы Беларусі складалі 9.393,5 млн долараў. Такім чынам, за студзень-травень рэзервы скараціліся на 1.514,5 млн долараў. Найбольшае зніжэнне адбылося ў сакавіку. Тады на фоне росту валютных курсаў насельніцтва рэзка павялічыла попыт на замежную валюту, і рэзервы скараціліся на 1.018,9 млн долараў.

аз