Беларуская Служба

Абаронца беларускамоўнай школы можа застацца амаль без заробку

03.07.2020 12:10
На думку настаўніка, кіраўніцтва школы яму адпомсціла.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay/KokomoCole

У канцы 2019 году камянецкае раённае начальства вырашыла закрыць адзіную беларускамоўную сярэднюю школу раёну ў Амельянцы. Дзяцей і настаўнікаў планавалі размеркаваць па суседніх вёсках - нагадвае Свабода.

Усё магло б так і скончыцца, калі б амельянецкі фізрук Павал Кендысь не пачаў збіраць подпісы за захаванне школы, а таксама пісаць паўсюль, куды толькі можна. Вынікам сталі публікацыі ў мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных СМІ, петыцыя ў інтэрнэце, а таксама звароты ў аблвыканкам і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы. У красавіку стала вядома, што школу ў Амельянцы закрываць ня будуць. Праўда, працы ў ёй для фізрука Кендыся стане значна менш.

«У мінулым годзе ў мяне было каля 30 гадзін на тыдзень А зараз будзе каля 10. Фізкультуру ў мяне забралі ўсю. Засталася геаграфія, працоўная падрыхтоўка, яшчэ нешта прапанавалі. Дырэктар абгрунтаваў гэта тым, што я не спецыяліст па адукацыі, а яны знойдуць спецыяліста. Заробку ў мяне цяпер практычна ня будзе. Было каля 1000 рублёў, будзе ня больш за 300. Фактычна я застаюся без заробку».

Хто будзе весці фізкультуру ў Амельянцы замест Паўла, пакуль невядома. Ці скарацілася колькасць вучняў у Амельянцы, таксама не вядома. Гэта стане канчаткова зразумела толькі пасля пачатку навучальнага году. На думку настаўніка, кіраўніцтва школы яму адпомсціла.

нг