Беларуская Служба

У розных гарадах Беларусі затрымліваюць актывістаў

03.07.2020 15:41
Людзей заклікалі выйсці на вуліцу і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў краіне.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/New Africa

У Дзень незалежнасці ў розных сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі. Міліцыя пачала затрымліваць некаторых актывістаў - піша ПЦ "Вясна".

У Гомелі на выхадзе з дому супрацоўнікі міліцыі чакалі актывістку Алену Давыдаву.

Яе затрымлівалі адразу некалькі міліцыянераў, якія пасадзілі жанчыну ў аўтамабіль і звезлі ў невядомым кірунку. Пазней з'явілася інфармацыя, што Алену Давыдаву даставілі ў Навабеліцкі РАУС. Паведамляецца таксама, што на гомельскім пляжы быў затрыманы Аляксей Раманаў.

Аляксея Раманава даставілі ў Цэнтральны РАУС. Пазней туды выклікалі хуткую дапамогу, бо мужчыне стала дрэнна.

У 14 гадзін на выхадзе з падʼезда дома нібыта паводле адміністрацыйнай справы была затрыманая Святлана Нарскіна. Яе даставілі ў аддзел міліцыі на Мазурава, 10, супрацоўнікі міліцыі праводзяць з ёй гутарку. У Мастах затрыманы Аляксандр Мелюк. Яго даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання і пакінулі да суда, які адбудзецца ў панядзелак у Скідзеле.

Таксама праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Скідзеля Яўген Клімук змешчаны ў ІЧУ. Некалькі дзён таму ў яго канфіскавалі аўто і тэлефон за язду на машыне са сцягам, а сёння вырашылі «закрыць» за гэта ж правапарушэнне.

нг