Беларуская Служба

Праваабаронцы патрабуюць вызвалення сябраў ініцыятыўнай групы Бабарыкі

06.07.2020 14:11
„Патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы В. Бабарыкі – Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака”.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jhusemannde/pixabay.com/CC0 Public Domain

Праваабарончай супольнасці Беларусі стала вядома, што 1 ліпеня 2020 г. супрацоўнікамі ДФР КДК была затрыманая сябра ініцыятыўнай групы і асабістая памочніца Віктара Бабарыкі – Алена Карагачава. Паводле атрыманых звестак яна абвінавачваецца па ч.2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сумы падаткаў і збораў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і змешчаная пад варту ў СІЗА КГБ, паведамляе сайт spring96.org

Адзін з каардынатараў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Віктара Бабарыкі Дзмітрый Карака быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 г. разам з Эдуардам Бабарыкам па дарозе ў ТВК для здачы сабраных подпісаў. Ад моманту затрымання ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА КГБ.

Паводле праваабаронцаў, прэзідэнцкая кампанія ад самага пачатку  адбываецца ва ўмовах запалохвання грамадства, пагрозаў і ціску, у тым ліку ў дачыненні да непасрэдных удзельнікаў выбарчай кампаніі – вылучэнцаў у кандыдаты і сябраў іх ініцыятыўных груп.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, праваабаронцы робяць выснову, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і сябраў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне іх публічнай дзейнасці па вылучэнні Бабарыкі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах.  

Удзел у кіраванні краіны праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з’яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі, як Канстытуцый, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У сувязі з гэтым, мы прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, падцвярджаючы сваю пазіцыю,  выкладзеную ў заяве аб прызнанні Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы ад 19 чэрвеня 2020 г. заяўляем аб прызнанні Алены Карагачавай і Дзмітрыя Карака палітычнымі зняволенымі і патрабуем іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

аз