Беларуская Служба

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Анджэя Дуду з перамогай на выбарах і наступным тэрмінам

14.07.2020 14:59
Кіраўнік Беларусі пажадаў Дудзе плённай працы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, а палякам – грамадзянскай згоды і хуткага пераадолення часовых цяжкасцей.
Alasandr Łukaszenka
Alasandr ŁukaszenkaShutterstock.com / Drop of Light

«Выбар мільёнаў палякаў, якія забяспечылі перамогу ў галасаванні, пераканаўча дэманструе падтрымку грамадзян для курсу, накіраванага на ўмацаванне польскай дзяржавы, паляпшэнне дабрабыту і бяспекі яе грамадзян», – напісаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што разлічвае на ўмацаванне добрасуседскіх адносін і на канструктыўнае супрацоўніцтва Мінска і Варшавы, «заснаванае на даверы і павазе ва ўсіх галінах, якія ўяўляюць агульны інтарэс».

Кіраўнік Беларусі пажадаў Дудзе плённай працы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе, а палякам – грамадзянскай згоды і хуткага пераадолення часовых цяжкасцей.

Аляксандр Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года. Ні разу прэзідэнцкія выбары, акрамя першых, у якіх ён удзельнічаў, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабодным і дэмакратычным.

Сёння беларуская ЦВК зацвердзіла пяцёра кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары, запланаваныя на 9 жніўня.

ЦВК адхіліла заявы на рэгістрацыю самых сур'ёзных канкурэнтаў прэзідэнта : Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

яс