Беларуская Служба

У Віцебскай вобласці абвешчаны вайсковыя зборы

04.08.2020 16:03
Інфармацыя пра тое, што ў памежных з Расіяй раёнах Беларусі пачаўся прызыў рэзервістаў, напярэдадні распаўсюдзілася па тэлеграм-каналах.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

11 жніўня ў Віцебскай вобласці пачнуцца вайсковыя зборы. Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік расказала Еўрарадыё, што гэта планавае мерапрыемства. На працягу года такія праходзяць ва ўсіх абласцях Беларусі:

«Я не ўдакладняла, але, магчыма, цяпер зборы праходзяць і ў іншых абласцях. Гэта не нешта экстраардынарнае або звышнатуральнае. Вось у Віцебскай вобласці яны пачнуцца 11 жніўня. Грамадзяне, якія пражываюць там, атрымаюць позвы».

Інфармацыя пра тое, што ў памежных з Расіяй раёнах Беларусі пачаўся прызыў рэзервістаў, напярэдадні распаўсюдзілася па тэлеграм-каналах. Згодна з дакументам, у ваенкамат трэба з'явіцца 10 жніўня.

Вайсковыя зборы, на якія прызываюць вайскоўцаў запасу, зʼяўляюцца рэгулярнай практыкай для беларускага войска. У Мінабароны Еўрарадыё растлумачылі, што абвяшчэнне збораў у Віцебскай вобласці яшчэ не азначае, што яны пройдуць тамсама. Людзей могуць адправіць у часці, размешчаныя па ўсёй тэрыторыі краіны.

«Ідзе зверка звестак, мабілізацыйных прадпісанняў, часам проста ўдакладняюць звесткі. Гэта ў прынцыпе не заўсёды азначае, што чалавек пойдзе на зборы. Гэта бягучая работа ваенкаматаў», – тлумачыць Наталля Гаўрусік.

яс