Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская з’ехала ў Літву

11.08.2020 08:01
Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
Святлана Ціханоўская PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская з’ехала ў Літву. Пра гэта ў Твітэры паведаміў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Паводле міністра, з ёй цяпер усё ў парадку.

10 жніўня Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у Цэнтральную выбарчую камісію скаргу аб парушэннях падчас правядзення выбараў. Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак.

Ціханоўская з паплечнікамі ўвайшла ў ЦВК каля 16-й гадзіны. Праз тры гадзіны з ЦВК выйшаў Максім Знак з паплечнікамі. Паводле яго, «прадстаўнікі дзяржаўных органаў» правялі з Ціханоўскай размову, на якой ён не прысутнічаў. Кандыдатку ў прэзідэнты нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасць дзеянняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам. Ён кажа, што кандыдатка ў прэзідэнты на волі і сама пракаментуе ўсё пазней.

Каля 21.30 прэс-сакратарка штабу кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла Свабодзе, што Ціханоўская, пасля таго як выйшла з ЦВК, сказала «Я прыняла рашэнне» і з’ехала ў невядомым кірунку. Якое рашэнне прыняла кандыдатка, у штабе не ведаюць.

Марыя Калеснікава паведаміла журналістам каля 22.00, што Ціханоўская падавала скаргу з Максімам Знакам: «Мне вядома, што Света сказала, што яна хоча быць са сваімі дзецьмі, і што яна пакінула будынак ЦВК праз іншы ўваход».

аз