Беларуская Служба

Следчы камітэт: Аўтамабілі, якія блакуюць транспарт, будуць забіраць

11.08.2020 15:16
Следчы камітэт адзначае, што гэта адпавядае крымінальна-працэсуальнаму заканадаўству.
   .
Паслявыбарчыя пратэсты ў Мінску.PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Следчы камітэт Беларусі адрэагаваў на акцыю пратэсту аўтамабілістаў, якія ў ноч з 10 на 11 жніўня перакрывалі вуліцы і праспекты, не дапускаючы да пратэстоўцаў спецтэхніку сілавікоў, паведамляе «Еўрарадыё».

Аўтамабілі, якія блакуюць транспарт, будуць у іх уладальнікаў забіраць. Іх прызнаюць «рэчавымі доказамі» па крымінальнай справе. Следчы камітэт адзначае, што гэта адпавядае крымінальна-працэсуальнаму заканадаўству.

Сцвярджаецца, што «аўтамабілі, якія выкарыстоўваюцца для блакавання транспарту, з'яўляюцца прыладамі злачынства і з'яўляюцца сродкам для высвятлення фактычных абставін па крымінальнай справе»!

Таксама ў Следчым камітэце папярэдзілі грамадзян, што забаронена ўсталяванне барыкад, розных перашкод «для блакавання нармальнай і бяспечнай працы камунікацый усіх відаў транспарту».

Напярэдадні ў некалькіх месцах Мінску пратэстоўцы будавалі барыкады і абаранялі іх ад сілавікоў. Следчы камітэт пагражае і адміністрацыйнай, і крымінальнай адказнасцю. Падкрэсліваецца, што апошняй падлягаюць асобы з 16 гадоў.

аз