Беларуская Служба

Дзясяткі тысяч беларусаў працягваюць стыхійныя акцыі пратэсту

13.08.2020 14:44
Амбасадары еўрапейскіх краінаў наведалі метро «Пушкінская», дзе загінуў адзін з мірных дэманстрантаў. Натоўп вітаў замежных дыпламатаў воклічамі «Дзякуй».
     , 13  2020
Адна з акцыяў салідарнасці ў Мінску, 13 жніўня 2020 PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Уначы 13 жніўня ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі зноў прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных паведамленняў МУС, учора ў Беларусі на «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» затрымалі 700 чалавек. Агульны афіцыйны лік затрыманых удзельнікаў акцыі пратэсту па ўсёй Беларусі набліжаецца да 7000.

Аднак самай раніцай 13 жніўня ў дзясятках месцах у Мінску і ў гарадах па ўсёй Беларусі пачалі ўтварацца стыхійныя ланцугі салідарнасці. Ланцугі салідарнасці, якія пачаткова складаліся пераважна з жанчын, нярэдка ператвараліся ў калоны.

Стыхійны мітынг праходзіць на прадпрыемстве БелАЗ у Жодзіне, працоўны калектыў рыхтуецца да забастоўкі і патрабуе адстаўкі Лукашэнкі. Да калектыву БелаАЗа далучыліся працаўнікі Гродна Азот, МАЗ, Кераміну, Мінскага УКС, Мінскага маторнага завода, Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў Мінску, Нацыянальнага мастацкага музею, РУП Белмедпрэпараты, «Гроднажылбуд» ды шматлікія іншыя працоўныя ды творчыя калектывы рэспублікі.

Асобна трэба падкрэсліць акцыі салідарнасці і сходы калектываў медычных устаноў Беларусі. Яны адбыліся ў Ашмянскай ЦРБ, РНПЦ Кардыялогіі ў Мінску, 4-ай і 6-ай лякарнях Мінску. Спыніць гвалт і вызваліць затрыманых таксама заклікаюць дзясяткі фельдшараў і лекараў хуткай дапамогі.

Вядома, што да пратэстаў у Мінску ўвечары далучацца таксама чыгуначнікі.

Апроч гэтага вуліцамі беларускай сталіцы прайшлася хада хрысцінаў. Вернікі розных канфесіяў заклікалі ўлады спыніць гвалт супраць уласнага народа.

У знак салідарнасці з ахвярамі рэпрэсіяў з працы пачалі звальняцца супрацоўнікі МУС, дзяржаўнага тэлебачання і радыё, а таксама супрацоўнікі органаў дзяржаўнай адміністрацыі.

А 15 гадзіне амбасадары еўрапейскіх краінаў наведалі станцыю метро «Пушкінская», дзе загінуў адзін з мірных дэманстрантаў, там яны ўсклалі кветкі. Натоўп вітаў замежных дыпламатаў воклічамі «Дзякуй».

Станам на 15 гадзін, паводле мінскага часу, з боку сілавікоў не было зафіксавана аніякіх гвалтоўных дзеянняў. Аднак яны праводзяць вобшукі ў шэрагу мінскіх ІТ-кампаніяў. 

nn.by/tut.by/swaboda.org/nexta/kyky.or/эж