Беларуская Служба

Дзясяткі беларускіх прадпрыемстваў далучаюцца да пратэстаў

14.08.2020 10:04
Апоўдні працаўнікі Мінскага метрапалітэну збіраюцца спыніць рух цягнікоў. 
     , 14  2020
Стыхійны сход калектыву Лакаматыўнага дэпо "Ліда", 14 жніўня 2020 года Фота: НЕХТА

Рабочыя калектывы па ўсёй рэспубліцы масава падтрымліваюць акцыі супраць гвалту сілавікоў і патрабуюць сумленных выбараў. Рабочыя не прызнаюць афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Раніцай 14 жніўня сходы рабочых праходзяць на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова і ў Жлобіне на Беларускім металургічным заводзе. Рабочыя далучаюцца да пратэстаў, на якія ўчора падняліся БелАЗ, Белкард, «Гродна Азот», «Хімвалакно», «Інтэграл», МАЗ, МТЗ, «Керамін», «Гроднажылбуд» і іншыя буйныя прадпрыемствы. Імаверна з працаўнікамі МАЗ сёння сустрэнецца прэм’ер Беларусі.

Пакуль не ўсе прадпрыемствы бастуюць. На некаторых рабочыя сабраліся на сходы з патрабаваннем сумленных выбараў ці на акцыі салідарнасці з затрыманымі – і вярнуліся на працоўныя месцы. Аднак ужо зараз відавочна, што пратэсты рабочых паступова ахопліваюць усю Беларусь.

У Салігорску бастуюць будаўнікі трэста «Раммантажбуд». Яны патрабуюць спыніць гвалт сілавікоў, расследаваць усе яго выпадкі і пакараць вінаватых, выпусціць палітзняволеных і правесці сумленныя выбары. Гучыць і патрабаванне адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Апоўдні працаўнікі Мінскага метрапалітэну збіраюцца спыніць рух цягнікоў. На акцыю пратэсту таксама сабраліся працаўнікі Лакаматыўнага дэпо «Ліда». Аналагічныя паведамленні прыходзяць з дзясяткаў працоўных калектываў па ўсёй Беларусі.

euraradio/tut.by/nn.by/nexta/эж