Беларуская Служба

Захаваліся школьныя падручнікі і сшыткі Зянона Пазняка – іх перадалі ў музей (ФОТА)

18.09.2020 09:03
Агулам у музей было перададзена больш за 50 школьных падручнікаў, каля 20 сшыткаў Зянона Пазняка, віншавальныя паштоўкі і асабістыя лісты.
Аўдыё
  • Захаваліся школьныя падручнікі і сшыткі Зянона Пазняка – іх перадалі ў музей
.
..

Гарадзенскі журналіст Андрэй Мялешка перадаў Гродзенскаму музею цэлую скрыню школьных падручнікаў, сшыткаў па якіх вучыўся вядомы сучасны беларускі палітык Зянон Пазняк.
Усе гэтыя здабыткі захаваліся ў бацькоўскай хаце Зянона Пазняка ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна. Менавіта там нарадзіўся, вырас і хадзіў у школу Зянон Пазняк.

У хаце зараз ніхто не жыве, але сябры БНФ з Ліды яшчэ летась рабілі невялікі рамонт хаты, каб яна захоўвалася, і знайшлі там гэтыя рэчы.

Мялешка распавёў, што лідскія актывісты перавезлі знаходку ў аграсядзібу «Гасціна», дзе і захоўваліся рэчы. Яны добра разумелі іх значэнне для беларускай гісторыі і вось пры нагодзе перадалі іх музею.

Журналіст Мялешка кажа, што знаходка была для яго даволі нечаканай і калі трымаў сшыткі і падручнікі ў руках, то гэта быў даволі хвалюючы момант.

«Гэта спадчына вельмі вядомага ў Беларусі чалавека, які з’яўляецца не толькі вядомым палітыкам, але і знаным фатографам, археолагам і гісторыкам».

Агулам у гродзенскі музей было перададзена больш за 50 школьных падручнікаў, каля 20 сшыткаў спісаных вучнем Зянонам Пазняком, віншавальныя паштоўкі і асабістыя лісты.

Алесь Завіноўскі

фота аўтара