Беларуская Служба

Беларуская міліцыя шукае крыніц уцечкі дадзеных звыш тысячы сваіх супрацоўнікаў

20.09.2020 12:36
NEXTA заклікае прыйсці на Марш справядлівасці ў 14 гадзін у цэнтры гарадоў Беларусі, прынесці плакаты і здымкі сілавікоў, адказных за гвалт.
Затрыманні людзей у суботу ў Мінскуфота: PAP/EPA/STR

Беларуская міліцыя шукае крыніц уцечкі дадзеных звыш тысячы сваіх супрацоўнікаў. Спіс быў змешчаны на Тэлеграм-канале вядомага блогера NEXTA. Звесткі ўтрымліваюць між іншым імёны і прозвішчы, даты нараджэння, званні. Асобна змешчаны спіс сямі афіцэраў спецыяльнага аддзелу «Алмаз», уключна з нумарамі тэлефонаў.

NEXTA заклікае сёння прыйсці на Марш справядлівасці ў 14 гадзін у цэнтры гарадоў Беларусі, прынесці плакаты і здымкі сілавікоў, адказных за гвалт у адносінах мірных дэманстрантаў.

Пра акцыю, якая плануецца ў Мінску, распавядае наш карэспандэнт Эдуард Жолуд.

- Сённяшні марш названы Маршам справядлівасці. Назва невыпадковая. Арганізатары маршу, у тым ліку Тэлеграм-канал NEXTA паведамляюць, што ўчора пасля жаночага Бліскучага маршу было затрымана каля 400 чалавек. Пасля гэтага канал зліў у сеціва дадзеныя пра тысячу супрацоўнікаў сілавых структур. Адпаведна, сёння ўдзельнікаў маршу заклікаюць прыйсці з плакатамі, на якіх будзе фота і асабістыя дадзеныя тых, хто заслугоўвае народнага трыбуналу.
Апоўдні ў Мінску ўжо была перакрытая цэнтральная плошча Незалежнасці, на пад’ездах да Мінска фіксавалася актыўнасць вайсковай тэхнікі і тэхнікі сілавікоў. У прыватнасці, была заўважаная сістэма «Рубеж».

Падчас жаночага Бліскучага маршу ўчора ў Мінску назіраліся вельмі брутальныя затрыманні. Амапаўцы і сілавікі ў зялёнай форме («зялёныя чалавечкі») зладзілі сапраўдны хапун жанчын.