Беларуская Служба

У Беларусі не сціхаюць пратэсты, у тым ліку ў рэгіёнах

28.09.2020 07:12
Грамадзяніна затрымалі, калі ён сядаў у аўтамабіль з трыма дзецьмі і цяжарнай жонкай. 
Ілюстрацыя PAP/EPA/STR

За мінулы тыдзень у Маладзечне прайшло дзве пратэстныя акцыі. Першая адбылася пасля інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў сераду. Пасля яе затрымалі двух маладзечанцаў, якіх судзілі за ўдзел у мітынгу. Адзін атрымаў 10 сутак арышту. Другога затрымалі, калі мужчына сядаў у аўтамабіль з трыма дзецьмі і цяжарнай жонкай. Яго асудзілі на 7 сутак арышту.

Вечарам у суботу затрымалі двух жанчын за развешванне белых і чырвоных стужак на дрэва. Жанчыны правялі ноч у міліцыі, нараніцу ў іх дамах правялі вобшук.

Учора маладзечанцы сабраліся на плошчы. Больш за 10 міліцыянераў патрулявалі пляцоўку і загадвалі разыходзіцца, побач стаяў аўтобус з міліцыянерамі, і бус з АМАПам. Гараджане пайшлі ў парк, дзе адна з удзельніц правяла кароткую экскурсію. Пасля людзі разышліся. Пра новыя затрыманні не паведамляецца.

Юлія Жылка