Беларуская Служба

Кіраўнік знешняй выведкі Расіі сустракаецца з Лукашэнкам

22.10.2020 12:25
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што супраца спецслужбаў краінаў важная з улікам вонкавай абстаноўкі.
.
.Пул Першага

Непрызнаны беларусамі кіраўнік запрасіў Сяргея Нарышкіна за тры дні перад татальным лакдаўнам эканамічнага ладу краіны, абвешчанага народнаю лідаркаю Святланаю Ціханоўскай, у выпадку адмовы Лукашэнкі сысці ў адстаўку.

«Не сакрэт, наша сустрэча зробіць у сапраўдны момант нейкі адпаведны выбух у СМІ, асабліва ў Інтэрнэце. Ды мы і не ўтойваем, абстаноўка вакол нас няпростая, я маю на ўвазе Саюзнай дзяржавы. Дзякуй вам за тую інфармацыю, якую вы рэгулярна даводзіце да нашых спецслужбаў і да мяне ў тым ліку», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У чым няпростасць сітуацыі вакол Саюзнай дзяржавы, Лукашэнка ў пэўнай ступені канкрэтызаваў:

-У гэтым свеце шалёным, асабліва ашалелым ад гэтай пандэміі і гэтак далей, сяброў у нас няшмат. Будзем казаць адкрыта, ва ўсіх ёсць цікавасць да нас. Да Расіі і Беларусі. Мы павінныя рэагаваць.

З ягоных словаў вынікае, што ўльтыматуму Ціханоўскай не выканае. Імаверная пераможцы прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская дала Лукашэнку 13 дзён на тое, каб спыніць гвалт, выпусціць палітвязняў і пакінуць пасаду пасля прайграных выбараў.

Лукашэнка і Нарышкін не бачыліся асабіста больш за 4 гады. Перад зыходам на працу ў выведку, Сяргей Нарышкін да 2016 года ачольваў палату парламенту Расіі. Цяпер, кажа, рады сустрэчы і пагадзіўся з ацэнкай Лукашэнкі:

-Я абсалютна згодны з ацэнкамі ступені напружанасці сітуацыі, якая існуе ў свеце ў цэлым і вакол нашых з вамі краінаў. Я ўпэўнены ў тым, што спецслужбы могуць зрабіць яшчэ шмат і шмат, каб забяспечыць інтарэсы і нашых дзяржаваў, нашых грамадзянаў, абараніць ад тых пагроз, якія з пэўнай перыядычнасцю ўзнікаюць, – сказаў Сяргей Нарышкін.

ав/Белсат